Мінск 15:30

Мінпрам справаздачыўся аб аднаўленні паставак у 15 краін

Фота: minprom.gov.by

25 ліпеня, Позірк. Прадпрыемствы Міністэрства прамысловасці ў першай палове 2024 года ажыццяўлялі экспарт у 60 краін свету, пры гэтым былі адноўленыя пастаўкі на рынкі 15 дзяржаў, заявіў намеснік кіраўніка ведамства Андрэй Кузняцоў.

Такія даныя чыноўнік паведаміў 25 ліпеня на пасяджэнні калегіі Мінпрама, адзначае прэс-служба ведамства.

У ліку краін, куды беларускія прадпрыемствы зноў пастаўляюць прадукцыю, ён назваў Ізраіль, Нікарагуа, Малі, Ірак, Лівію, Сірыю, Кувейт, Камбоджу.

Паводле слоў Кузняцова, Мінпрам “паспяхова нарошчвае” пастаўкі ў Егіпет, Туніс, Пакістан, Ізраіль, Афганістан, В’етнам, Іран, Нікарагуа, надаючы “асаблівую ўвагу” афрыканскаму кантыненту.

“Мінпрам актыўна супрацоўнічае з найбольш перспектыўнымі рэгіёнамі Афрыкі, Азіі і Лацінскай Амерыкі ў рамках работы па дыверсіфікацыі рынкаў збыту”, — сказаў намеснік міністра.

Першы намеснік кіраўніка ведамства Аляксандр Агароднікаў паведаміў, што арганізацыі Мінпрама ў студзені — чэрвені вырабілі прадукцыі на суму больш за 15,8 млрд рублёў, па выніках паўгоддзя выканана заданне па суадносінах запасаў гатовай прадукцыі да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці — 81,3%.

Паводле папярэдніх ацэнак, галіна спрацуе з чыстым прыбыткам і рэнтабельна каля 8%, заявіў Агароднікаў.

Разам з тым намеснік прэм’ер-міністра Пётр Пархомчык, які прысутнічаў на калегіі, адзначыў “недастатковую працу маркетынгавых службаў” прадпрыемстваў. На яго думку, гэтыя службы “павінны праводзіць больш агрэсіўную палітыку па далейшым развіцці дзеючых кантактаў” і пошуку “новых кропак росту”.

Па выніках 2024 года Міністэрства прамысловасці прагназуе, што аб’ём вытворчасці ў галіне складзе больш за 31,6 млрд рублёў, экспарт вырасце на 2,5%, заявіў кіраўнік ведамства Аляксандр Яфімаў 22 ліпеня ў Мінску на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі.

Міністр эканомікі Юрый Чабатар на выязным семінары Палаты прадстаўнікоў, які прайшоў 21 чэрвеня ў Жодзіне (Мінская вобласць) на пляцоўцы ААТ “БелАЗ”, заяўляў, што перад беларускай прамысловасцю стаіць важнае пытанне дыверсіфікацыі паставак.

Паводле слоў чыноўніка, беларускія прадпрыемствы “пакуль слаба прадстаўленыя на рынках “далёкай дугі”, і па многіх таварных пазіцыях расійскі кірунак дамінуе”.

Каб змяніць сітуацыю, падкрэсліў Чабатар, “трэба праводзіць больш агрэсіўную збытавую палітыку”, а таксама “адкрываць больш мультыбрэндавых цэнтраў продажаў”. “Сур’ёзнай канкурэнтнай перавагай”, на думку міністра, стала б “паляпшэнне ўзроўню абслугоўвання”, а менавіта “аператыўны сервіс”.

Прамысловая вытворчасць у студзені — чэрвені 2024 года ў бягучых цэнах склала 100,2 млрд рублёў (+7,1% да аналагічнага перыяду 2023-га).

У студзені прамвытворчасць вырасла на 5,4%, студзені — лютым — на 7,1%, студзені — сакавіку — на 6,5%, студзені — красавіку — на 7,7%, студзені — траўні — на 8%.

Падзяліцца: