Мінск 19:11

Лукашэнка і Пуцін на Валааме сярод іншага абмяркоўвалі цэны на нафту для Беларусі

Лукашэнка і Пуцін на Валааме
Фота: сайт Крамля

29 ліпеня, Позірк. Новую формулу цэнаўтварэння на нафту, перадаплату за яе і ўтылізацыйны збор сярод іншага абмяркоўваў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным на Валааме (Рэспубліка Карэлія) у рамках візіту ў Расію 25–27 ліпеня.

На нарадзе па міжнародных пытаннях 29 ліпеня ў Мінску Лукашэнка, адзначае яго прэс-служба, паведаміў, што гэтыя пытанні Савет міністраў Беларусі павінен быў вырашыць з урадам РФ, але не адолеў.

“Усе гэтыя пытанні мы абмеркавалі з прэзідэнтам Пуціным, — сказаў спікер. — Больш за тое, мы дамовіліся аб тым, што я сёння-заўтра (у залежнасці ад таго, як вы гэта падрыхтуеце) накірую яму пісьмовае пасланне, ліст, з выкладаннем сутнасці гэтых трох пытанняў”.

Тэма перадаплаты за нафту, якую Беларусі ў асноўным пастаўляе кампанія “Раснафта”, паводле сцвярджэння Лукашэнкі, абурыла кіраўніка расійскай дзяржавы. Гэтага быць не можа! Якая перадаплата? Усё жыццё працавалі без перадаплаты — зможам і далей працаваць”, — так, паводле яго слоў, адрэагаваў Пуцін.

“Цэнтральнае месца” на перамовах таксама займалі пытанні гарантавання бяспекі, заявіў Лукашэнка, але не раскрыў іх сутнасці. “Яны закрыты характар мелі. Усе сілавыя структуры і міністры падключаныя, Міністэрства замежных спраў — у пэўных пытаннях”, — сказаў ён.

“Вось сутнасць гэтых перамоваў. Я яшчэ раз падкрэсліваю: узаемаразуменне знойдзена па ўсіх пытаннях, адарвання ніякага няма”, — дадаў Лукашэнка.

У цэлым, паводле слоў спікера, з яго боку “выбудаваны трывалы фундамент стасункаў” з Расіяй, вырашаныя стратэгічныя (“і па асноўных кірунках прынятыя рашэнні”) і тактычныя пытанні. “Далей ужо перад урадам стаіць задача развіваць супрацу і прадметна дамаўляцца па тых ці іншых аспектах”, — падкрэсліў ён.

17 чэрвеня прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка назваў падвышэнне сусветнай цаны на нафту прычынай адмоўнага сальда ў знешнім гандлі. “Мы закупляем сырую нафту, таму гэта адыграла на павелічэнне кошту імпарту, плюс знізіліся цэны на традыцыйныя беларускія тавары на знешніх рынках”, — сказаў кіраўнік урада.

Падзяліцца: