Мінск 08:12

Паліцыя пачала расследаваць напад на беларускую “Кропку” ў Вільнюсе

Крыніца: сацыяльныя сеткі паліцыі Літвы

30 ліпеня, Позірк. Паліцыя Вільнюскага павета пачала дасудовае расследаванне ў сувязі з нападам на беларускую творчую прастору і краму “Кропка”, што адбыўся ў літоўскай сталіцы.

Партал навін Delfi са спасылкай на прадстаўніка галоўнага камісарыята паліцыі павета Томаса Бражэнаса паведаміў, што расследаванне распачатае па факце знішчэння або пашкоджання маёмасці, аднак калі з’явяцца новыя падрабязнасці, “яно можа быць перакваліфікаванае ў распальванне нянавісці або іншае расследаванне”.

У ноч на 28 ліпеня на сцяне прасторы “Кропка” пакінулі надпіс на літоўскай мове “вяртайцеся дадому, беларускія свінні” (з трыма арфаграфічнымі памылкамі), было разбіта акно. Уладальнік арганізацыі экс-палітвязень Зміцер Фурманаў заявіў “Позірку”, што лічыць здарэнне “правакацыяй лукашыстаў”.

Фурманаў адкрыў “Кропку” ў літоўскай сталіцы разам з жонкай Вольгай у траўні 2024 года.

Там прадаюцца сувеніры, вырабленыя ў тым ліку майстрамі, якія вымушана пакінулі Беларусі пад пагрозай палітычнага пераследу.

Напад на “Кропку” — “чарговая правакацыя рэжыму” Лукашэнкі, каб “пасварыць беларусаў і літоўцаў, сфармаваць варожае стаўленне да беларусаў у Літве і пасеяць пачуццё страху сярод беларускай супольнасці”, такое меркаванне выказала 29 ліпеня дэмакратычная лідар Святлана Ціханоўская.

Беларуская “Кропка” ў Вільнюсе абвясціла збор грошай на рамонт пасля нападу

30 ліпеня, Позірк. Каманда беларускай творчай прасторы і крамы "Кропка" ў Вільнюсе абвясціла збор грошай на рамонт пасля нападу, які адбыўся на выходных. "Мы адкрываем рахунак на платформе buymeacoffee, каб вы маглі нам дапамагчы аднавіць шкло і сцены крамы", — гаворыцца ў …
Падзяліцца: