Мінск 04:55

Генконсульства Беларусі ў Санкт-Пецярбургу пераедзе на месца чэшскіх дыпламатаў

Архіўнае фота: anmazarin / wikimapia.org

31 ліпеня, Позірк. Генеральнае консульства Беларусі ў Санкт-Пецярбургу пераедзе ў “больш прасторны будынак”, паведамляе прэс-служба адміністрацыі горада са спасылкай на губернатара Аляксандра Беглова.

Расійскі чыноўнік абмеркаваў гэтае пытанне з амбасадарам Беларусі ў РФ Аляксандрам Рагожнікам 31 ліпеня. “Мы сумесна вырашаем пытанне з размяшчэннем генеральнага консульства. Адрас узгоднены — вуліца Цвярская, дом 5. У цяперашні час міністэрствы замежных спраў нашых краін узгадняюць праект міжурадавага пагаднення”, -—заявіў Бяглоў.

Неабходнасць у пашырэнні працоўнай плошчы ўзнікла ў сувязі з павелічэннем штата дыпмісіі — праз “рост тавараабароту і колькасці сумесных праектаў, пашырэнне гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва паміж Пецярбургам і Беларуссю”.

Генеральнае консульства Беларусі ў Санкт-Пецярбургу пачало працаваць 30 чэрвеня 2023 года на вул. Бонч-Бруева, 3, дзе да гэтага размяшчалася аддзяленне беларускай амбасады.

Па выніках сустрэчы Рагожнік паведаміў журналістам, што ў будынку, куды пераедзе генконсульства, трэба зрабіць рамонт, які зойме два-тры месяцы. “Мы спадзяёмся, што да канца года яно будзе ўведзена”, — сказаў беларускі амбасадар.

Адметна, што раней у гэтым будынку размяшчалася генеральнае консульства Чэхіі (закрыта з канца лютага 2022 года на падставе рашэння Прагі).

Урад Расіі дазволіў Беларусі адкрыць генконсульства ў Санкт-Пецярбургу летась 14 студзеня. Акрамя самога горада і Ленінградскай вобласці яго консульская акруга ўключае тэрыторыі дзвюх рэспублік — Карэліі і Комі, трох абласцей — Архангельскай, Валагодскай і Мурманскай, а таксама Ненецкай аўтаномнай акругі.

Падзяліцца: