Мінск 11:42

Еўрапейскі шлях — экзістэнцыйнае пытанне для Беларусі, заяўляе Мілінкевіч

3 жніўня, Позірк. Шлях у Еўропу з’яўляецца пытаннем захавання Беларусі, вынікае з заявы пазаштатнага дарадцы Святланы Ціханоўскай па пытаннях рэалізацыі еўрапейскага выбару Аляксандра Мілінкевіча 3 жніўня на канферэнцыі “Новая Беларусь”.

Палітык выказаўся на гэты конт у кантэксце адказу на пытанне пра далейшую дзейнасць структур офіса Ціханоўскай і Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК).

“Вядома, нам рана казаць, што заўтра пагрукаемся ў дзверы ў Брусэлі, і нас будуць некуды прымаць, — сказаў ён. — Але вельмі важна, каб не толькі дэмакратычная эліта хацела вяртацца ў Еўропу і разумела значэнне гэтага, але і як мага шырэйшае кола грамадства, якое будзе галасаваць на выбарах”.

Сваёй задачай Мілінкевіч бачыць “асвету”, “прасоўванне праеўрапейскіх адукацыйных праграм і праграм па ўмацаванні беларускай ідэнтычнасці”. “І першае, і другое суперважна для таго, каб мы захавалі незалежнасць і ішлі да Еўропы”, — сказаў ён.

Паводле слоў дарадцы Ціханоўскай, “яшчэ нядаўна беларусы — дэмакраты, недэмакраты, нават ва ўрадзе — дыскутавалі, куды лепш ісці — на Усход або на Захад”.

“Помню, я вёў такія размовы з [цяпер нябожчыкам міністрам замежных спраў Уладзімірам] Макеем, ён быў прадстаўніком улады, які выступаў, каб мы засталіся Швейцарыяй — [то бок захоўваць] нейтралітэт і з усімі сябраваць, — узгадаў палітык. — Цяпер такой дыскусіі быць не можа, таму што Расія абвясціла (і трэба вельмі ўважліва гэта слухаць і разумець), што няма такіх народаў, як беларускі і ўкраінскі, і дзяржаў такіх няма. Таму пытанне таго, каб ісці ў Еўропу, — экзістэнцыйнае пытанне”.

Павел Латушка адзначыў, што прадстаўніцтва АПК па транзіце ўлады, якое ён узначальвае, сярод іншага займаецца пытаннямі прыцягнення рэжыму Лукашэнкі да адказнасці. За год, паводле яго слоў, атрымалася дамагчыся выдачы ордараў на арышт шасці чалавек — прадстаўнікоў пенітэнцыярнай сістэмы і сілавых структур. “Я хацеў бы, каб у гэтым (вядома, гэта залежыць ад нашых партнёраў), у наступным годзе мы ўсё ж распачалі справу ў Міжнародным крымінальным судзе. Адказнасць — самае галоўнае для нашай каманды і ў нашай працы”, — заявіў ён.

Прадстаўніцтва АПК па моладзевай палітыцы і студэнцтве, паведаміла яго кіраўніца Маргарыта Ворыхава, будзе займацца “пашырэннем магчымасцей для адукацыі і мабільнасці моладзі ў Беларусі і за мяжой; узмацненнем моладзевага сектара і арганізацый, пашырэннем супрацы з імі, кансалідацыяй і сінхранізацыяй іх напрамкаў дзейнасці; узмацненнем прысутнасці моладзевых прадстаўнікоў у палітыцы” ды інш.

Для прадстаўніцтва па міжнароднай і еўрапейскай супрацы, сказаў кіруючы ім Уладзімір Астапенка, “важным было б працягваць працэс дэлегітымацыі рэжыму Лукашэнкі”. “Важна на гэтым фоне змагацца за ўзмацненне суб’ектнасці інстытутаў дэмакратычных сіл, [Аб’яднанага пераходнага] кабінета, Каардынацыйнай рады, офіса [Ціханоўскай], каб беларускі парадак дня не толькі захоўваўся, але і ўзмацняўся на міжнародным узроўні, каб падтрымка нашых міжнародных партнёраў павялічвалася”, — дадаў ён.

Пошук шляхоў вызвалення палітвязняў, дапамога ім і іх сем’ям, умацаванне патэнцыялу і магчымасцей арганізацый і ініцыятыў застанецца прыярытэтам прадстаўніцтва АПК па сацыяльнай палітыцы, заявіла яго кіраўніца Вольга Гарбунова.

Важнай працай яна назвала ўмацаванне сувязі з людзьмі ў Беларусі, збор і аналіз інфармацыі аб праблемах беларусаў, прапанову шляхоў іх вырашэння.

Прадстаўнік АПК па абароне і нацбяспецы Вадзім Кабанчук нагадаў, што “ў першай пастанове створанага ў 2022 годзе кабінета была акрэслена прыярытэтная задача па аднаўленні і абароне дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі”.

“У рамках гэтай задачы я і бачу свой функцыянал, перш за ўсё гэта падтрымка добраахвотнікаў, якія зараз змагаюцца ва Украіне. У войску ніколі нічога не бывае досыць, заўсёды нечага не хапае. Заўтра я агучу канкрэтныя пазіцыі, якія хлопцы папрасілі, ім гэта зараз вельмі неабходна для паспяховага выканання задач. Далей будзе запушчана некалькі доўгатэрміновых праектаў”, — паведаміў ён.

Падзяліцца: