Мінск 14:42

Ціханоўская застанецца нацыянальным лідарам да сумленных выбараў або ўласнага рашэння прыпыніць дзейнасць — пратакол дэмсіл

Пасля падпісання пратакола
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

3 жніўня, Позірк. Святлана Ціханоўская перамагла на прэзідэнцкіх выбарах у 2020 годзе і будзе выконваць ролю нацыянальнага лідара да правядзення сумленных і свабодных выбараў у Беларусі або да ўласнага рашэння спыніць сваю дзейнасць. Такія пазіцыі фіксуюцца ў пратаколе ўзаемадзення вядучых палітычных суб’ектаў беларускага дэмакратычнага руху, ухвалены 3 жніўня ў Вільнюсе ў межах канферэнцыі “Новая Беларусь”.

Пратакол узаемадзеяння паміж Ціханоўскай, яе офісам, Каардынацыйнай радай (КР), Аб’яднаным пераходным кабінетам (АПК) і інышымі дэмакратычнымі сіламі прадставіла кіраўніца ініцыятывы “Сумленныя людзі”, віцэ-спікер КР другога склікання (цяпер працуе трэцяе) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу Алена Жываглод.

Паводле яе слоў, у дакуменце вызначаюцца асноўныя прынцыпы і сферы кампетэнцыі бакоў; парадак іх фармавання; працэдура распрацоўкі агульнай палітыкі і стратэгій; парадак абмену інфармацыяй, каардынацыі дзейнасці і справаздачнасці; працэдура вырашэння рознагалоссяў.

Прадугледжваецца, што, калі палажэнні пратакола ўступаюць у супярэчнасць з палажэннямі іншых дакументаў падпісантаў, пераважную сілу будуць мець палажэнні пратакола, адзначыла Жываглод.

У прыватнасці, члены АПК будуць прызначацца на пасаду і вызваляцца ад яе нацыянальным лідарам з улікам рэкамендацый КР.

Таксама ў пратаколе запісана, што АПК будзе штогод прадстаўляць КР справаздачу аб сваёй дзейнасці і стратэгічных прыярытэтах.

Дакумент падпісалі Ціханоўская, яе намеснік у АПК Павел Латушка, спікер КР Анжаліка Мельнікава і старэйшы палітычны дарадца Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі, які на апошніх выбарах у КР прайшоў па спісе “Еўрапейскі выбар”.

Падзяліцца: