Мінск 09:30

13 чалавек уганаравана заснаваным АПК Медалём Няскораных

Архіўнае фота: прэс-служба АПК

4 жніўня, Позірк. 13 чалавек уганаравана Медалём Няскораных (Ларысы Геніюш) за “значныя заслугі перад беларускім народам у барацьбе за правы чалавека і дэмакратычныя свабоды”.

Цырымонія ўручэння адбылася 4 жніўня ў Вільнюсе на канферэнцыі “Новая Беларусь”.

Медалём узнагароджаныя праваабаронца Леанід Судаленка, блогеры Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін, даследчыца Валерыя Чарнаморцава, актывісты Зміцер Фурманаў, Алеся Буневіч, Наталля Хершэ, Алана Гебрэмарыям.

Імёны яшчэ пяці узнагароджаных не называюцца з меркаванняў бяспекі.

Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Святлана Ціханоўская павіншавала ўсіх узнагароджаных. “Хацелася б адзначыць кожнага і кожную, хто робіць свой унёсак у барацьбу за правы чалавека, за Беларусь, дапамагае палітвязням, былым палітвязням, умацоўвае грамадзянскую супольнасць. Хочацца адзначыць кожнага, і мы будзем рабіць гэта перыядычна, каб большасць беларусаў ведала герояў у твар”, — сказала яна.

Пастанову аб заснаванні Медалі Няскораных Ціханоўская падпісала 30 ліпеня. Узнагарода ўручаецца за “садзейнічанне абароне і ўмацаванню ў Беларусі ідэалаў дэмакратыі і правоў чалавека, развіццё беларускай грамадзянскай супольнасці або праяўленне асабістай адвагі, стойкасці і ахвярнасці ў справе прасоўвання ідэалаў дэмакратыі і правоў чалавека”.

Прадстаўніца АПК па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык адзначала, што Ларыса Геніюш, у гонар якой названы медаль, — “сапраўдная беларуская гераіня, якая ніколі не схіліла галаву перад чэкістамі, выжыла ў лагерах, не прыняла савецкае грамадзянства і ахвяравала асабістым шчасцем дзеля радзімы”.

Творчасць Ларысы Геніюш (1910–1983) стала вядома ў Беларусі падчас кароткага перыяду нацыянальнага адраджэння ў 1990-х гадах. Яе “Выбраныя творы” 2000 года выдання ў жніўні 2023-га ўлады прызналі “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

З 1935 года і да арышту савецкімі спецслужбамі ў 1948-м Геніюш працавала ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі ў Празе. Была ў зняволенні спачатку ў Чэхіі, пасля ў сталінскіх лагерах — ёй паставілі ў віну супрацоўніцтва з нацыстамі. Выйшла на волю ў 1956 годзе. Не была рэабілітаваная, нягледзячы на некалькі запытаў грамадскасці на гэты конт. Памерла ў Беларусі.

Падзяліцца: