Мінск 14:40

У Варшаве адкрылася выстава, прысвечаная грамадзянскай дзейнасці Алеся Пушкіна

Фота: "Позірк"

7 жніўня, Позірк. Алесь Пушкін змагаўся з рэжымам праз мастацтва, бо верыў, што яно здольнае змяніць свет. Пра гэта заявіў 6 жніўня ў Варшаве на адкрыцці выставы “Ales Pushkin. AFTERLIFE”, прысвечанай 59-годдзю з дня нараджэння мастака, акцыяніста і палітвязня намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка.

“Уся творчасць Алеся Пушкіна была сапраўдным супрацівам, кожнае яго затрыманне, а іх было шматкроць, кожны прысуд — гэта не толькі праява жорсткасці рэжыму, але перадусім — сведчанне моцнасці духу, непахіснасці мастака, якога не змаглі зламаць ні турмы, ні дыктатар”, — падкрэсліў палітык.

Паводле яго слоў, год таму мастак быў закатаваны рэжымам Лукашэнкі ў засценках турмы № 1 у Гродне, у тым самым месце, дзе зараз утрымліваецца ў закладніках славуты дзеяч польскай меншасці Анджэй Пачобут.

“Але я ўпэўнены, што дыктатар і ўсе выканаўцы яго загадаў за свае шматлікія злачынствы апынуцца на лаве падсудных, адказнасць будзе немінучай. Кожны з тых, хто ўдзельнічае ў палітычных пераследах і рэпрэсіях, панясе адказнасць за свае дзеянні”, — выказаў упэўненасць Латушка.

Ён нагадаў, што, згодна з прапановай НАУ, у прыняты 5 жніўня пакет санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі ўвайшлі асобы, адказныя за смерць Пушкіна — начальнік турмы ў Гродне Павел Казакоў і яго намеснік Васіль Каляда.

“Мы разумеем, што гэта толькі першыя крокі ў напрамку рэальнай справядлівасці, мы будзем працягваць нашы намаганні і далей працаваць, каб справядлівае пакаранне атрымалі ўсе тыя, хто нясе адказнасць за ахвяры рэжыму”, — заявіў Латушка.

Палітык назваў Пушкіна “асобай ў беларускай гісторыі, асобай у змаганні за волю і свабоду Беларусі”.

Да прысутных звярнуліся таксама намеснік дзяржсакратара Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Марта Цянькоўска, арганізатары і ўдзельнікі выставы. Выступіў “Вольны хор”.

Асноўная канцэпцыя экспазіцыі “Ales Pushkin. AFTERLIFE”, якая працуе ў Музеі вольнай Беларусі да канца жніўня, грунтуецца на акцыях і перфоменсах Пушкіна, якія ён ладзіў у адкрытай прасторы з 1989 года.

Большасць экспанатаў створаная на аснове медыйных артэфактаў, дакументаў і арыгінальных відэапрац з архіва мастака, яго сяброў і калег. У выставу таксама інтэграваныя арыгінальныя працы мастакоў, фатографаў і відэадакументалістаў, якія супрацоўнічалі з Пушкіным і чыя творчасць канцэптуальна звязана з яго ідэямі.

Фота: "Позірк"

57-гадовы палітвязень Алесь Пушкін памёр 11 ліпеня 2023 года ў бальніцы, куды яго запозна прывезлі з гродзенскай турмы. У палітвязня была прабадная язва страўніка, развіўся перытаніт, паліарганная недастатковасць.

Пушкін браў актыўны ўдзел у руху нацыянальнага адраджэння, рэстаўраваў гістарычныя будынкі і распісваў цэрквы, шмат разоў затрымліваўся з палітычных матываў.

У ліпені 1999 года, на пяцігоддзе праўлення Аляксандра Лукашэнкі, мастак правёў перфоменс каля Адміністрацыі прэзідэнта. Ён прывёз да будынку тачку, поўную гною, перакуліў яе на маставую, зверху паклаў партрэт Лукашэнкі і праткнуў яго віламі.

30 сакавіка 2021 года Пушкіна затрымалі пасля вяртання з Кіева. Гэтаму папярэднічала ўзбуджэнне пракуратурай Гродна крымінальнай справы паводле арт. 130 КК (распальванне варожасці) — за “здзяйсненне наўмысных дзеянняў, скіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму”. Мастака таксама абвінавацілі паводле арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў).

Падставай для крымінальнай справы стаў партрэт дзеяча антысавецкага руху Яўгена Жыхара аўтарства Пушкіна, які экспанаваўся на выставе ў Гродне. У пракуратуры заявілі, што мастак характарызаваў Жыхара як “чалавека з беларускага супраціву, змагара з бальшавікамі, чым услаўляў і ўхваляў яго дзеянні”.

30 сакавіка 2022 года Мінскі гарадскі суд (суддзя Алена Шылько) прыгаварыў Пушкіна да 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Працэс быў закрытым.

На адным з пасяджэнняў палітвязень парэзаў сабе жывот на знак пратэсту супраць таго, што адбываецца ў судзе, за гэта яго змясцілі ў карцар.

У лістападзе 2022 года яму пастрожылі рэжым і перавялі з івацэвіцкай калоніі № 22 (неафіцыйная назва “Ваўчыныя норы”) ў гродзенскую турму № 1.

Падзяліцца: