Мінск 07:10

Беларусь мае намер адкрыць пасольства ў Саудаўскай Аравіі (абноўлена)

Сяргей Алейнік і Фейсал бен Фархан аль-Саўд Фота: МЗС Беларусі

7 студзеня, Позірк. Беларусь мае намер адкрыць пасольства ў Саудаўскай Аравіі, вынікае з паведамлення неафіцыйнага тэлеграм-канала МЗС краіны “Глас МИДа”

Кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік 7–8 студзеня наведвае каралеўства з афіцыйным візітам. Ён праводзіць перамовы з міністрам замежных спраў прынцам Фейсалам бен Фарханам аль-Саўдам.

“Як мінімум, чакаем пашырэння нашай дыпламатычнай прысутнасці і адкрыцця новага пасольства Беларусі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Раней у рамках візіту быў афіцыйна анансаваны “шэраг сустрэч беларускай дэлегацыі ў міністэрствах, ведамствах і з прадстаўнікамі дзелавых колаў Саудаўскай Аравіі”.

У пачатку ліпеня мінулага года Алейнік абмяркоўваў з намеснікам кіраўніка МЗС краіны Валідам аль Херыжы пытанні актывізацыі турызму і аблягчэння візавага рэжыму паміж краінамі.

У лістападзе мінулага года ў Беларусі ўпершыню быў акрэдытаваны ваенны аташэ Саудаўскай Аравіі, ім стаў стаў генерал-маёр Саад Махамед Хасейн Алькаціры.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Каралеўствам Саудаўская Аравія ўстаноўлены 6 чэрвеня 1997 года. За адносіны з краінай адказвае пасольства ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах (амбасадар — Андрэй Лучанок).

Па выніках 2021 года тавараабарот Беларусі з Саудаўскай Аравіяй склаў 42,3 млн долараў, скараціўшыся на 26,4% у параўнанні з 2020 годам. Экспарт склаў 6,1 млн долараў, асноўныя яго пазіцыі — сухое малако, машыны электрычныя, тэкстыль і адзенне.

Даныя за 2022 год МЗС Беларусі не прыводзіць.

Абнаўленне.

Бакі далі пазітыўную ацэнку “аднаўленай дынаміцы развіцця палітычных, эканамічных, гуманітарных сувязей Беларусі і Саудаўскай Аравіі, актывізацыі кантактаў бізнес-супольнасці дзвюх краін”, гаворыцца ў паведамленні МЗС Беларусі ў “Фэйсбуку”.

Канстатавана “ўзаемнае жаданне інтэнсіфікаваць двухбаковыя адносіны па ўсім спектры”, разгледжана “паглыбленне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця дагаворна-прававой базы”.

Асобна абмеркаваны “пытанні харчовай бяспекі, супрацоўніцтва ў сферы аховы здароўя і турызму, спрашчэння візавага рэжыму”.

Міністры канстатавалі “супадзенне пазіцый і поглядаў на глабальныя працэсы, якія адбываюцца ў міжнародных адносінах”, дамовіліся аб актывізацыі ўзаемадзеяння “на шляху пабудовы больш справядлівага светапарадку”, заявілі ў ведамстве.

Падзяліцца: