Мінск 02:19

Суд над былым намеснікам міністра энергетыкі Міхадзюком пачнецца 20 жніўня

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 11 жніўня 2024 года ў 19:23

Архіўнае фота: прэс-служба БелАЭС

11 жніўня, Позірк. Працэс над былым намеснікам міністра энергетыкі Міхаілам Міхадзюком пачнецца 20 жніўня ў судзе Ленінскага раёна Мінска, вынікае з раскладу на сайце Вярхоўнага суда.

Разглядаць справу будзе суддзя Марына Запаснік, якая ў сакавіку 2023 года прыгаварыла да доўгіх тэрмінаў турэмнага зняволення кіраўнікоў праваабарончага цэнтра “Вясна”, у тым ліку лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага. Запаснік уключаная ў санкцыйныя спісы дэмакратычных краін Захаду.

Міхадзюк абвінавачваецца паводле ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэкса — атрыманне хабару “альбо ў асабліва буйным памеры, альбо арганізаванай групай, альбо асобай, якая займае адказнае становішча”. Былому чыноўніку пагражае ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі са штрафам і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

28 снежня 2023 года ўрад вызваліў 68-гадовага Міхадзюка, які курыраваў будаўніцтва Беларускай АЭС, ад пасады намесніка міністра энергетыкі “ў сувязі з выхадам у адстаўку”.

Паводле інфармацыі дзяржаўных СМІ, 26 студзеня Следчы камітэт распачаў супраць экс-чыноўніка крымінальную справу “за спрыяльнае развязанне пытанняў выбару замежнай кампаніі ў якасці падрадчыка для будаўніцтва і мадэрнізацыі высакавольтных падстанцый у Беларусі”.

Сёлета 14 чэрвеня на нарадзе Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савета міністраў стала вядома, што Міхадзюк знаходзіцца ў следчым ізалятары. Тады ж з’явілася інфармацыя аб узбуджэнні ў студзені крымінальнай справы.

Паводле слоў Лукашэнкі, у рамках крымінальных спраў за хабар прыцягнута 30 чалавек. Ён згадаў справу свайго былога памочніка — інспектара па Віцебскай вобласці, экс-міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігара Брыло; першага намесніка кіраўніка справамі прэзідэнта Дзмітрыя Рыбко (ахарактарызаваў такім чынам: “Хабарнік — кляйма ставіць няма дзе”).

8 ліпеня намеснік начальніка ўпраўлення па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генеральнай пракуратуры Дзмітрый Брылёў паведаміў, што супрацоўнікі МУС у выніку праверкі ў Мінскай вобласці выявілі схемы перадачы хабараў “дзясяткам службовых асоб”.

Падзяліцца: