Мінск 10:23

Колькасць рэгістрацый дагавораў франчайзінгу вырасла ўтрая — профільная асацыяцыя

Архіўнае фота: citydog.by

13 жніўня, Позірк. За першыя пяць месяцаў бягучага года Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці быў зарэгістраваны 181 дагавор франчайзінгу, паведаміла ў інтэрв’ю “Эканамічнай газеце” старшыня асацыяцыі франчайзераў і франчайзі “Белфранчайзінг” Вольга Лявонцьева.

Паводле яе слоў, за аналагічны леташні перыяд было зарэгістравана 58 дагавораў. Такім чынам, колькасць здзелак вырасла больш як у тры разы.

За пяць месяцаў бягучага года было зарэгістравана больш дагавораў, чым за ўвесь 2023 год (175, што на 28 працэнтаў больш, чым у 2022 годзе).

“У асноўным гэты рост абумоўлены актыўным адкрыццём невялікіх кава-поінтаў, магазінаў, кафэ, якія не патрабуюць буйных інвестыцый і доўгай падрыхтоўкі да пачатку дзейнасці, — удакладніла кіраўнік асацыяцыі. — Лідарства грамадскага харчавання і рознічнага гандлю толькі расце — амаль усе зарэгістраваныя дагаворы франчайзінгу з гэтых сфер. Таксама былі зарэгістраваны дагаворы па перадачы франшызы ў сферы B2C паслуг — аўтамыйкі, тэхнічнае абслугоўванне аўтамабіляў, устаноўка нацяжных столяў, фітнес-клубы, паркі адпачынку і забаў”.

Пераважная большасць дагавораў заключана кампаніямі, якія “даўно і актыўна” выкарыстоўваюць франчайзінг: кавярні “Кава Саўнд” (больш за трыста кропак у Беларусі), пончыкавыя “Пон-Пушка”, крамы кандытарскіх вырабаў “Чырвоны харчавік” і “Спартак”, крамы будаўнічых тавараў “Мастак”.

Доля беларускіх франчайзінгавай аб;ектаў на рынку на канец чэрвеня склала 44%. На долю расійскіх франшызы прыпадае 36%, каля 5% складаюць франшызы з еўрапейскіх краін, яшчэ каля 5% з краін СНД і амаль 10% — з іншых краін (Азія, ЗША, Аўстралія), паведаміла Лявонцьева.

Попыт на набыццё франшызы ў 2023 годзе ў параўнанні з 2022-м, па дадзеных асацыяцыі, павялічыўся на 11%, паведамляла ў сакавіку Лявонцьева. Штогадовы рост колькасці зарэгістраваных дагавораў франчайзінгу ў Беларусі адзначаецца з 2015 года.

Падзяліцца: