be
Arrow
Мінск 11:56

Прэм’ер Польшчы заявіў аб гатоўнасці ўвесці новыя санкцыі супраць Беларусі ў выпадку эскалацыі сітуацыі з нелегальнымі мігрантамі

14 снежня, BPN. Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў аб гатоўнасці ўвесці новыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі ў выпадку эскалацыі сітуацыі з нелегальнымі мігрантамі на мяжы. Тэму міграцыйнага крызісу ён узняў 13 снежня падчас паездкі ў Будапешт (Венгрыя) на саміт краін Вышаградскай групы.

“Мы ведаем, што Беларусь баіцца эканамічных санкцый і гандлёвай блакады, — цытуе кіраўніка польскага ўрада яго канцылярыя. — Калі эскалацыя [сітуацыі з мігрантамі] працягнецца ці Мінск і Масква будуць шукаць новыя механізмы для дэстабілізацыі гэтай часткі Еўропы, мы без ваганняў прадставім Еўрапейскай камісіі і нашым партнёрам новыя рашэнні, накіраваныя на больш рашучы адказ на такую практыку”.

“Мы мусім умець абараняць нашыя вонкавыя межы. <…> Мы не павінны не дапускаць, каб адны людзі правозілі іншых людзей кантрабандай, выкарыстоўвалі тых як жывыя шчыты, як зараз Лукашэнка і яго кіраўнікі (верагодна, гаворка пра Маскву. — BPN.), супраць краін Еўрапейскага саюза”, — зазначыў ён.

Як паведамлялася, новы канцлер Германіі Олаф Шольц пасля перамоваў з Маравецкім 12 снежня ў Варшаве заявіў, што “палітыка рэжыму ў Мінску” з’яўляецца сёння “актуальным вялікім выклікам, перад якім мы ўсе стаім”. “Лукашэнка выкарыстоўвае бежанцаў для правядзення сваёй палітыкі. Гэта бесчалавечна, і я не магу сказаць інакш. І ў нас агульная задача — даць гэтаму адпор”, — падкрэсліў ён.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС пачаўся вясной 2021 года. Спачатку шматразовае павелічэнне колькасці нелегальных мігрантаў адчула Літва. Пасля таго як Вільнюс прыняў рашэнне не затрымліваць мігрантаў, а разварочваць іх назад у Беларусь, плыні нелегалаў пераарыентаваліся на Польшчу.

Крызіс абвастрыўся 8 лістапада, калі тысячы мігрантаў разбілі лагер на беларускай тэрыторыі ля мяжы з Польшчай. У наступныя дні асобныя групы замежнікаў спрабавалі прарвацца праз польскія загароды. Адбылося некалькі сур’ёзных сутычак, у ходзе якіх мігранты закідвалі польскіх памежнікаў камянямі, а тыя выкарыстоўвалі спецыяльныя сродкі.

З-за павелічэння плыні нелегальных мігрантаў з беларускага боку Літва, Латвія і Польшча ўвялі надзвычайнае становішча ў раёнах, якія мяжуюць з Беларуссю. Кіраўніцтва краін Балтыі і Польшчы ўскладае адказнасць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ называюць прычынай крызісу дзеяння краін Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.

Падзяліцца: