be
Arrow
Мінск 12:46

Кампанія Henkel заявіла пра спыненне дзейнасці ў Беларусі і РФ

29 красавіка, BPN. Адзін з найбуйнейшых сусветных вытворцаў бытавой, будаўнічай хіміі і касметыкі Henkel спыняе сваю дзейнасць у Беларусі і РФ. Пра гэта гаворыцца ў апублікаванай 29 красавіка гадавой справаздачы кампаніі.

“Улічваючы развіццё вайны ва Украіне, мы вырашылі спыніць сваю дзейнасць у Расіі. Акрамя таго, мы прынялі рашэнне спыніць сваю дзейнасць у Беларусі”, — гаворыцца ў дакуменце.

Рашэнне закране больш за 2,5 тыс. супрацоўнікаў у абедзвюх краінах і скароціць гадавы аб’ём продажаў прыкладна на 1 млрд еўра.

Летась у снежні кампанія адмовілася ад рэкламы на беларускім дзяржаўным тэлебачанні.

Кампанія Henkel заснаваная ў 1876 годзе ў Германіі. На сённяшні дзень яна кантралюе больш за 300 вытворчасцей у 70 краінах.

У Беларусі з 2004 года працуе сумеснае прадпрыемства “Хенкель Баўтэхнік”, якое выпускае будаўнічыя сумесі Ceresit.

24 лютага Расія пачала вайну супраць Украіны. Улады ў Мінску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяннях на баку РФ, у той жа час беларуская тэрыторыя выкарыстоўваецца расійскім войскам для нанясення ўдараў па Украіне.

Падзяліцца: