be
Arrow
Мінск 14:39

Эксперт: Заявы дэмлагера аб сілавых варыянтах змены ўлады ў Беларусі сведчаць аб знешняй падтрымцы такіх сцэнараў

19 жніўня, BPN. У дэмакратычным лагеры заяўляюць аб сілавых варыянтах вырашэння палітычнага крызісу, знаходзячыся непасрэдна ў краінах ЕС і НАТО, што сведчыць аб знешняй падтрымцы такіх сцэнарыяў. Такое меркаванне ў інтэрв’ю BPN выказаў дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў (Мінск) Арсеній Сівіцкі.

Тэма сілавых метадаў у супрацьборстве з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі гучала на канферэнцыі “Новая Беларусь”, якую дэмсілы правялі 8—9 жніўня ў Вільнюсе пры ўдзеле Святланы Ціханоўскай.

Па выніках форуму быў сфармаваны Аб’яднаны пераходны кабінет, куды ў ліку іншых увайшоў падпалкоўнік у адстаўцы Валер Сахашчык.

Яго з’яўленне ў кабінеце Сівіцкі назваў “сур’ёзным званочкам” у кантэксце прапрацоўкі сілавых алгарытмаў змены ўлады ў Беларусі.

Эксперт лічыць магчымым стварэнне за мяжой беларускіх добраахвотніцкіх падраздзяленняў, якія ў патрэбны момант увойдуць на тэрыторыю краіны: “Такія падраздзяленні ўжо фарміруюцца ў складзе УСУ і Інтэрнацыянальнага легіёна (добраахвотніцкае злучэнне, створанае ўказам прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў лютым 2022 года. — BPN.)”.

Паводле слоў Сівіцкага, палітычную і рэсурсную падтрымку такім ініцыятывам надаюць не толькі беларуская апазіцыя ў выгнанні, дыяспара ці ўкраінскія ўлады, але і асноўныя ўдзельнікі заходняй саюзніцкай кааліцыі, створанай на авіябазе Рамштайн у Германіі. У выпадку разрастання расійска-ўкраінскага канфлікту да маштабу рэгіянальнай вайны і “распаўсюджвання ваенных дзеянняў на нашу тэрыторыю”, супраць Беларусі выступяць і такія добраахвотніцкія падраздзяленні пры падтрымцы УСУ, і ўласна кааліцыя “Рамштайн”, лічыць эксперт.

“Мы ўжо назіраем, як шэраг краін гэтай кааліцыі, у тым ліку НАТО, рыхтуюцца да развіцця падзей менавіта па такім сцэнары ў 2023 годзе, праводзячы розныя мерапрыемствы аператыўнай і баявой падрыхтоўкі”, — заявіў Сівіцкі.

Ён лічыць, што ў Кіеве ўжо зараз не выключаюць варыянта “правядзення ваеннай аперацыі супраць Беларусі”. Мэта — “вывад [Беларусі] з вайны і яе трансфармацыя ў дружалюбную дзяржаву, якая не стварае пагроз з поўначы”.

“У такім выпадку гэтая аперацыя будзе мець камбінаваны, а не толькі наземны характар”, — дапусціў эксперт.

Паводле яго ацэнак, УСУ будуць устрымлівацца ад нападаў на ваенныя аб’екты і інфраструктуру Беларусі “да пачатку свайго стратэгічнага контрнаступлення”. Яго варта чакаць “напрыканцы гэтага — пачатку наступнага года”.

“Да гэтага часу саюзнікі па кааліцыі “Рамштайн” пачнуць масавыя пастаўкі Украіне дальнабойных артылерыйскіх і аператыўна-тактычных ракетных сістэм”, — патлумачыў Сівіцкі.

Пералом у вайне, з яго пункту гледжання, праявіцца пасля таго, як Украіна “падыдзе да рашэння задачы па вызваленні Крыма”. Пры такім сцэнары нельга выключаць, што Крэмль “паспрабуе разгарнуць новую групоўку войскаў на тэрыторыі Беларусі”. Гэта створыць пагрозу Украіне з паўночнага напрамку і вымусіць Кіеў скаваць тут сілы і сродкі, не перакідваць частку войскаў бліжэй да Крыма.

Аднак сітуацыя можа пайсці і па іншым сцэнары, не выключае эксперт. Гэта адбудзецца, калі Расія вырашыць паўтарыць паход на Кіеў праз тэрыторыю Беларусі і пачне разгортваць тут групоўку для ўварвання. Такія манеўры могуць “стаць трыгерам для нанясення Украінай удараў па тэрыторыі Беларусі, як мінімум у месцах збору расійскіх ваенных сіл і сродкаў”.

“Адзіны варыянт прадухіліць такое развіццё падзей — найхутчэйшы выхад Беларусі з вайны, поўны вывад расійскіх войск з яе тэрыторыі і пачатак мірных перамоў з Кіевам і яго саюзнікамі”, — упэўнены Сівіцкі.

Цалкам інтэрв’ю з Арсенем Сівіцкім будзе апублікавана сёння на сайце BPN, а таксама ў тэлеграм-канале “Позірк. Навіны пра Беларусь” і на фэйсбук-старонцы “Pozirk — Навіны пра Беларусь”.

Падзяліцца: