Мінск 14:13

Беларусь і РФ рыхтуюцца падпісаць дагавор пра ўзаемныя гарантыі бяспекі

Крыніца: pravo.by

8 лістапада, Позірк. Дагавор пра ўзаемныя гарантыі бяспекі паміж Беларуссю і Расіяй “практычна гатовы”, паведамляюць дзяржСМІ са спасылкай на дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Аляксандра Вальфовіча, які 8 лістапада ў Маскве правёў перамовы са сваім расійскім калегам Мікалаем Патрушавым.

“Дагавор практычна гатовы, засталося слова за нашымі знешнепалітычнымі ведамствамі. Я думаю, што найбліжэйшым часам ён будзе перададзены для падпісання кіраўнікам нашых дзяржаў”, — сказаў дзяржсакратар беларускага Савета бяспекі.

Паводле слоў Вальфовіча, з Патрушавым яны абмяркоўвалі пытанні, звязаныя з “канцэпцыяй бяспекі Саюзнай дзяржавы”.

“Дакумент таксама знаходзіцца ў стадыі завяршэння, усе прынцыповыя пытанні ўжо вырашаныя, праведзена вялікая праца апаратамі саветаў бяспекі. Думаю, налета гэты дакумент будзе таксама перададзены на Вышэйшым дзяржсавеце для падпісання кіраўнікамі”, — заявіў ён.

На сустрэчы бакі таксама зацвердзілі план двухбаковага супрацоўніцтва паміж апаратамі саветаў бяспекі Беларусі і РФ на 2024–2025 гады.

“Гэты дакумент дае магчымасць нам і надалей на планавай аснове праводзіць працу, скіраваную на гарантаванне бяспекі нашых краін”, — сказаў дзяржсакратар Савета бяспекі.

Падзяліцца: