Мінск 14:58

Літва ўводзіць забарону на паездкі ў Беларусь для асоб, якія працуюць з сакрэтнай інфармацыяй

Будынак Сейма Літвы ў Вільнюсе
Крыніца: govilnius.lt

4 кастрычніка, Позірк. Парламент Літвы ўхваліў забарону на паездкі ў Беларусь і Расію для дзяржслужачых і супрацоўнікаў, якія працуюць з сакрэтнай інфармацыяй, паведамілі літоўскія СМІ.

Як адзначае партал навінаў Delfi, прапанова была аднагалосна ўхваленая ўсімі 80 дэпутатамі Сейма, якія прынялі ўдзел у галасаванні.

“Гэты законапраект забараняе супрацоўнікам сакрэтных структур, якія атрымалі дазвол на працу і доступ да сакрэтнай інфармацыі, выязджаць у трэція краіны, такія як Расія, Беларусь і іншыя дзяржавы з пэўнага спісу”, — сказаў парламентарый Вілюс Сямешка, якога цытуе lrt.lt.

Краіны, у якія забараняецца выезд, будуць вызначацца ўрадам “з улікам пагроз нацыянальнай бяспекі”. На думку Міністэрства абароны Літвы, у яго павінны ўвайсці тыя ж дзяржавы, куды ўрад у студзені гэтага года забараніў уезд вайскоўцам і чыноўнікам: Расія, Беларусь і Кітай.

У выпадках, вызначаных урадам, напрыклад, у сувязі са смерцю сваякоў, выезд у названыя краіны будзе магчымы “з дазволу або пасля дэкларавання інфармацыі аб выездзе”.

Забарона можа закрануць 56 тыс. чалавек, якія маюць у Літве права працаваць з сакрэтнай інфармацыяй.

У жніўні 2023 паведамлялася, што Нацыянальная камісія па бяспецы Літвы пачала распрацоўку законапраекта, які ўвядзе забарону на наведванне “недружалюбных краін” для некаторых катэгорый літоўцаў.

З 15 красавіка 2022 года для жыхароў Літвы дзейнічае бязвізавы рэжым пры наведванні Беларусі. Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў падаўжаў яго тэрмін, апошні раз — да канца 2024 года.

Улады балтыйскай дзяржавы неаднаразова заклікалі суайчыннікаў не наведваць суседнюю краіну з меркаванняў бяспекі.

Падзяліцца: