Мінск 15:06

У Палату прадстаўнікоў унесены законапраект аб бюджэце на 2025 год

Фота: прэс-служба ПП НС

4 кастрычніка, Позірк. Урад унёс у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС) праекты законаў “Аб рэспубліканскім бюджэце на 2025 год” і “Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2025 год”, паведамляе прэс-служба ніжняй палаты парламента.

Адзначаецца, што ў праекце рэспубліканскага бюджэту “будзе захавана сацыяльная накіраванасць бюджэтных расходаў, забяспечана фінансаванне рэгіянальнай інфраструктуры і своечасовае абслугоўванне дзяржаўнага доўгу”.

Таксама ў ПП НС унесены законапраект, які прадугледжвае змены ў падаткаабкладанні. Сярод іншага прапануецца павялічыць стаўкі акцызаў на асобныя групы тавараў (тытунёвыя вырабы і вадкасці для электронных сістэм курэння, моцная алкагольная прадукцыя, газ, які выкарыстоўваецца ў якасці аўтамабільнага паліва, масла маторныя) і павелічэнне падатку на даходы па дывідэндах, атрымальнікамі якіх з’яўляюцца замежныя арганізацыі.

Законапраектам прадугледжваецца “індэксацыя на прагнозны ўзровень інфляцыі” ставак падаткаў, у таксама падаўжэнне да 1 студзеня 2028 года дзеяння стаўкі падаходнага падатку з фізічных асоб на даходы, атрыманыя па працоўных дагаворах ад рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій (стаўка складае 13%).

29 жніўня на пасяджэнні пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі, прадстаўляючы прапанаваныя навацыі Падатковага кодэкса, першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко заяўляў, што ў 2025 годзе стаўку падатку на даходы па дывідэндах, атрымальнікамі якіх з’яўляюцца арганізацыі з “недружалюбных краін”, плануецца падняць з 15 да 25%.

Як паведамлялася, міністр фінансаў Юрый Селіверстаў перад пасяджэннем урада 21 жніўня заявіў, што дэфіцыт беларускага бюджэту ў 2025 годзе чакаецца на ўзроўні 4,5 млрд рублёў, або 1,6% ВУП. Паводле яго ацэнкі, даходы бюджэту складуць 45,5 млрд рублёў, выдаткі — каля 50 млрд.

Пры гэтым ён анансаваў з 1 студзеня павелічэнне базавай стаўкі для ўсіх катэгорый бюджэтнікаў, а з верасня наступнага года — павышэнне надбаўкі асобным катэгорыям работнікаў.

Згодна з пастановай Савета міністраў ад 19 красавіка 2024 года № 299, у Беларусі для асоб з “недружалюбных дзяржаў”, якія ў той ці іншай меры валодаюць беларускімі кампаніямі, да канца 2025 года ўведзена абмежаванне на выплату прыбытку і дывідэндаў.

Дакумент устанаўлівае максімальную суму, якая можа быць выплачаная за год агулам усім замежным уласнікам адной зарэгістраванай у Беларусі юрыдычнай асобы — 80 тыс. базавых вельчінь (цяпер — 3,2 млн рублёў, або 981 тыс. долараў).

У пастанове нагадваецца, што ў пералік замежных дзяржаў, якія здзяйсняюць “недружалюбныя дзеянні” ў дачыненні да Беларусі, яе грамадзян і арганізацый, уваходзяць Аўстралія, Албанія, Вялікабрытанія, Ісландыя, Канада, Ліхтэнштэйн, Новая Зеландыя, Нарвегія, Паўночная Македонія, ЗША, Чарнагорыя, Швейцарыя, а таксама ўсе краіны Еўрасаюза.

У верасні 2023 года Аляксандр Лукашэнка сваім указам № 285 устанавіў асаблівы парадак атрымання асобамі з “недружалюбных дзяржаў” прыбытку і дывідэндаў. Для выплат такім удзельнікам юрыдычныя асобы павінны былі адкрыць у банках Беларусі спецыяльныя рахункі (рахункі рэзідэнтаў).

Сродкі, якія пералічваюцца на іх, было дазволена выкарыстоўваць толькі для фінансаванне інвестпраектаў у Беларусі, пагашэння запазычанасці па асобных крэдытах банкаў, размяшчэння безадзыўных укладаў на тэрмін не менш за год, іншыя мэты, “узгодненыя ўрадам з кіраўніком дзяржавы”.

Паводле рашэння Саўміна, з красавіка 2024 года і да канца 2026-га для арганізацый з “недружалюбных дзяржаў”, якія вядуць дзейнасць у Беларусі не праз пастаяннае прадстаўніцтва, устаноўлены падатак на даход у памеры 25%. Да гэтага адпаведная стаўка складала 15% (за выключэннем асобных выпадкаў).

У сакавіку гэтага года Лукашэнка санкцыянаваў спрошчанае адчужэнне маёмасці асоб з “недружалюбных дзяржаў”.

Падзяліцца: