Мінск 16:13

На падставе анкет Дэпартамент міграцыі Літвы 1.644 разы прызнаваў беларускіх грамадзян пагрозай нацбяспецы

Фота: migracija.lt

22 лістапада, Позірк. За год (з лістапада 2022-га) пасля ўвядзення спецыяльнай анкеты, якая абавязковая для запаўнення грамадзянамі РФ і Беларусі, чый прававы статус правяраецца міграцыйнай службай, дэпартамент міграцыі пры МУС Літвы прыняў 2.041 рашэнне аб пагрозе дзяржаўнай бяспецы з боку грамадзян Расіі і Беларусі. З іх 1.644 рашэнні датычыліся беларусаў, паведамляе ведамства.

“Такія праверкі праводзяцца як з ўласнай ініцыятывы ўстановы, так і пры звароце грамадзян Расіі або Беларусі па міграцыйныя паслугі: для афармлення або змянення дазволу на часовае або пастаяннае пражыванне ў Літве і г.д.”, — сказана ў рэлізе дэпартамента.

У выдачы дазволу на часовае пражыванне ў Літве беларусам было адмоўлена 562 разы, у замене гэтага дакумента — 343. Прынята 450 рашэнняў аб ануляванні дазволаў на часовае пражыванне, якія меліся ў беларускіх грамадзян і заставаліся сапраўднымі. Двойчы грамадзянам Беларусі было адмоўлена ў выдачы пастаяннага віду на жыхарства ў Літве, прынята 8 рашэнняў аб ануляванні такіх дакументаў, яшчэ 279 разоў грамадзяне Беларусі атрымлівалі адмоўныя адказы пры звароце па нацыянальную літоўскую візу.

Паўналетнія грамадзяне Беларусі і РФ абавязаны запаўняць у міграцыйнай службе спецыяльную анкету, дзе трэба паведаміць аб сваёй адукацыі, папярэдніх месцах працы, службе ў войску, дзелавых кантактах, кантактах з органамі ўлады краін НАТО ці краін, што не ўваходзяць у ЕС, а таксама аб стаўленні да расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Увесну 2023 года літоўскі парламент ухваліў пакет нацыянальных санкцый, якія ўзмацнілі жорсткасць парадку ўезду і знаходжання на тэрыторыі краіны, а таксама абмежавалі правы — пераважна расійскіх грамадзян. У выніку ажыўленых дыскусій беларусы былі выведзены з-пад большасці абмежавальных захадаў. Прэзідэнт Гітанас Наўседа наклаў на закон вета, дамагаючыся аднолькавых абмежаванняў для грамадзян Беларусі і РФ, але парламент вета адхіліў.

7 жніўня дарадца Наўседы Дарус Урбонас заявіў, што сейму трэба вярнуцца да пытання уніфікацыі прынятых на нацыянальным узроўні абмежавальных мер у дачыненні да беларусаў і расіян.

Падзяліцца: