Мінск 19:41

МАК дапусціў індывідуальных спартсменаў з Беларусі і РФ да парыжскай Алімпіяды ў нейтральным статусе

Фота: сайт МАК

8 снежня, Позірк. Індывідуальныя спартсмены з Беларусі і Расіі дапушчаныя да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы ў нейтральным статусе, вынікае з рашэння выканкама Міжнароднага алімпійскага камітэта, апублікаванага 8 снежня.

У той жа час, згодна з дакументам, чыноўнікі і дзяржаўныя служачыя абедзвюх краін не будуць запрошаныя або акрэдытаваныя на Алімпіяду, роўна як і “каманды спартсменаў з беларускім або расійскім пашпартам”. Пад забаронай застаюцца гімн, сцяг, адпаведная каляровая гама і хаця б якія іншыя сімвалы Беларусі і РФ.

Пры гэтым МАК падкрэсліў, што да ўдзелу ў АГ-2024 не будуць дапушчаныя “спартсмены і дапаможны персанал”, якія “актыўна падтрымліваюць” вайну супраць Украіны, маюць кантракт з расійскімі або беларускімі вайсковымі арганізацыямі або органамі нацбяспекі.

Індывідуальныя спартсмены ў нейтральным статусе будуць запрошаныя МАК і міжнароднымі федэрацыямі па адпаведных відах спорту. Адзначаецца, што “сярод 4.600 спартсменаў з усяго свету, якія прайшлі кваліфікацыю на Парыж-2024, ёсць толькі 11 індывідуальных нейтральных спартсменаў (8 з расійскім і 3 з беларускім пашпартам)”.

Беларусь была фактычна адхіленая ад міжнароднага спорту неўзабаве пасля поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну ў лютым 2022 года, падтрыманага афіцыйным Мінскам.

Падзяліцца: