Мінск 19:16

Мігранты атакавалі польскіх памежнікаў з тэрыторыі Беларусі

Скрыншот відэа Крыніца: Памежная ахова Польшчы

5 студзеня, Позірк. Група мігрантаў 4 студзеня атакавала супрацоўнікаў Памежнай аховы Польшчы з-за плота на мяжы з Беларуссю, паведаміла ведамства.

Адзначаецца, што пяцёра замежнікаў, “знаходзячыся ля загароды на беларускім баку мяжы, накінуліся на польскі патруль з камянямі і галінкамі”.

Інцыдэнт адбыўся ў раёне памежнага паста ў Дубічы-Цэркаўне (Падляскае ваяводства), у выніку нападу ніхто не пацярпеў, гаворыцца ў паведамленні.

Памежная ахова Польшчы апублікавала відэа, на якім паказаныя мігранты, якія перасоўваюцца ўздоўж мяжы на беларускай тэрыторыі.

“Мы працягваем назіраць за мігрантамі, якія шукаюць магчымасць нелегальна перасекчы мяжу. Групы замежнікаў, якія перасоўваюцца ўздоўж тэхнічнага бар’ера, знаходзяцца пад пастаянным наглядам польскіх службаў”, — падкрэсліваецца ў заяве польскага памежнага ведамства.

4 студзеня краіны ЕС не зафіксавалі спробаў пранікнення нелегалаў з Беларусі. Гэта адбылося ўпершыню з 29 лістапада мінулага года.

З пачатку 2024 года Польшча прадухіліла 23 спробы нелегальнага перасячэння мяжы з боку Беларусі, Літва і Латвія — ніводнай.

У 2023 годзе краіны ЕС спынілі 42.078 спробаў незаконнага пранікнення з беларускай тэрыторыі (у Польшчу — 25.571, Латвію — 13.863, Літву — 2.644), у 2022-м — 31.892 (у Польшчу — 15.655, Латвію — 5.026, Літву — 11.211). Агульны рост склаў 31,9% (на польскім напрамку — у 1,6 разы, латвійскім — у 2,8 разы; на літоўскім зафіксавана зніжэнне ў 4,2 разы).

Статыстыка, выведзеная “Позіркам” на падставе штодзённых звестак, сведчыць, што напружанасць на мяжы Беларусі і ЕС вагаецца, да канца 2023 года яна прыкметна знізілася, тэндэнцыя назіраецца і ў пачатку 2024-га.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС пачаўся ўвесну 2021 года.

Падзяліцца: