Мінск 16:19

Ціханоўская: У Беларусі і Украіне вырашаецца лёс рэгіянальнай дэмакратыі

Фота: World Economic Forum

16 студзеня, Позірк. У Беларусі і Украіне “вырашаецца лёс дэмакратыі рэгіёну”, заявіла 15 студзеня дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў Давосе (Швейцарыя) на мерапрыемстве, прысвечаным Беларусі. Дыскусія прайшла ў рамках Сусветнага эканамічнага форума.

“Мы абараняем не толькі нашую свабоду і суверэнітэт ад імперскіх амбіцый Расіі. Яна не разглядае ні Беларусь, ні Украіну як незалежныя краіны. Мы змагаемся за самі каштоўнасьці дэмакратыі. Правы чалавека. Вяршэнства закона. Свабоду слова. І гэтае дужанне вызначыць будучыню ўсёй Еўропы. Ва Украіне Расія змагаецца ракетамі і танкамі, у Беларусі яна змагаецца з дапамогай тэрору, палітычных і эканамічных інструментаў”, — сказала Ціханоўская.

Яна адзначыла, што “дамарослы дыктатар Лукашэнка”, “прадае суверэнітэт Беларусі Пуціну толькі для таго, каб захаваць уладу для сябе і сваёй эліты”.

“Гэта, бадай, адзіны ў сваім родзе дыктатар, які абвяргае нацыянальную ідэнтычнасць свайго народа і марыць аб адраджэнні Савецкага Саюза, турмы народаў, як мы яе называем. Беларусь — выдатны прыклад таго, што можа адбыцца, калі не прымаць пад увагу дэмакратычныя інстытуты”, — дадала экс-кандыдат у прэзідэнты.

“Вось ужо 30 гадоў у Беларусі не было свабодных выбараў. Абяцаючы аднавіць так званую “стабільнасць”, дыктатар знішчыў парламент, незалежныя суды і СМІ. Мая краіна была пераўтвораная ў паліцэйскую дзяржаву, дзе выбары ператварыліся ў рытуал без сэнсу і рэальнага выбару”, — сказала палітык.

Ціханоўская падкрэсліла, што тысячы людзей арыштаваныя ў Беларусі па палітычных матывах, а пра свайго мужа Сяргея Ціханоўскага яна не атрымлівала вестак амаль год. Аднак, нягледзячы на тэрор, “людзі працягваюць супраціўляцца ў падполлі”, адзначыла палітык.

“Мы не можам арганізаваць адкрытыя пратэсты, але мы можам падрыхтавацца да новага акна магчымасцей. Я ўпэўнена, што дыктатура абрынецца, і мы павінны быць да гэтага гатовыя. Таму мы працуем над рэформамі, каб дыктатура больш ніколі не паўтарылася. Каб у нас былі моцныя дэмакратычныя інстытуты”, — дадала Ціханоўская.

Галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка паведаміў “Позірку”, што пасля выступу палітыка адбылася дыскусія, да якой далучыліся яе дарадца па эканамічных пытаннях Алесь Аляхновіч, юрыст Ганна Маціеўская, а таксама прадстаўнік НАУ Павел Берштаў.

Падзяліцца: