Мінск 20:19

Алейнік перадаў прэзідэнту Алжыра пасланне Лукашэнкі з “канкрэтнымі прапановамі па развіцці супрацоўніцтва”

Крыніца: МЗС

14 красавіка, Позірк. Пасланне Аляксандра Лукашэнкі з “канкрэтнымі прапановамі па развіцці двухбаковага супрацоўніцтва” перадаў міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік прэзідэнту Алжыра Абдэльмаджыду Тэбуну.

Афіцыйны візіт Алейніка ў гэтую краіну праходзіць 14–15 красавіка.

Як паведамляе прэс-служба МЗС, на сустрэчы “бакі канстатавалі канструктыўны характар беларуска-алжырскіх адносін і супадзенне пазіцый дзвюх краін па большасці актуальных міжнародных пытанняў, у тым ліку аб прызнанні разнастайнасці шляхоў развіцця незалежных дзяржаў”.

“Абмеркаваны шэраг тэм двухбаковага супрацоўніцтва і праекты вытворча-тэхнічнай кааперацыі”, — гаворыцца ў паведамленні знешнепалітычнага ведамства.

“Асобна” падкрэсленая “праблематыка ўзаемадзеяння ў сферах адукацыі, навукі, тэхналогій, аховы здароўя і турызму”, “асобна” — неабходнасць “далейшай актывізацыі ўсяго спектру кантактаў, уключаючы абмены візітамі на вышэйшым і высокім узроўнях”, адзначыла МЗС.

1 лістапада 2023 года, віншуючы Тэбуна з Днём Рэвалюцыі, Лукашэнка выказаў надзею на “хуткую сустрэчу” з ім для абмеркавання “далейшых планаў па развіцці двухбаковых адносін”.

Беларусь зацікаўленая “ў нарошчванні плённага супрацоўніцтва” з гэтай паўночнаафрыканскай краінай “па такіх напрамках, як пастаўкі прадуктаў харчавання, стварэнне сумесных прадпрыемстваў па вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі і транспартных сродкаў”, гаварылася ў паведамленні віншавальніка.

Дыпламатычныя адносіны паміж дзяржавамі ўстаноўленыя ў 1995 годзе.

Паводле звестак пасольства Беларусі ў Егіпце, якое таксама адказвае за Алжыр, узаемны тавараабарот у 2021 годзе склаў усяго 1,01 млн долараў. Пры гэтым алжырскія пастаўкі адсутнічалі, а Беларусь экспартавала калійныя ўгнаенні, канцылярскія тавары, газетную паперу, пакрыты або прапітаны пластмасамі тэкстыль.

Статыстыка па гандлі за 2022 і 2023 гады не прыводзіцца.

Падзяліцца: