Мінск 18:56

Месца Беларусі — у еўрапейскай сям’і, заявілі ў сумесным артыкуле Ціханоўская і кіраўнік МЗС Швецыі

Калаж: altinget.se

22 траўня, Позірк. Свет не павінен забываць пра тых, хто змагаецца за свабодную, дэмакратычную і незалежную Беларусь, заявілі ў сумесным артыкуле для шведскага партала altinget.se дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская і міністр замежных спраў Швецыі Тобіяс Більстром.

Артыкул апублікаваны 21 траўня і прымеркаваны да Стакгольмскай канферэнцыі.

Ціханоўская і Більстром адзначаюць: увосень 2020 года Беларусь была ў цэнтры ўвагі ўсяго свету. “Сотні тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі, каб мірна адстойваць права выбіраць сваю будучыню. Цэлы народ, якому надакучылі скрадзеныя выбары, карупцыя і аўтарытарызм. Але дэманстрацыі былі жорстка падаўленыя, а іх лідары былі заключаныя ў турму або вымушана эмігравалі”, — падкрэсліваецца ў публікацыі.

Паводле слоў аўтараў, палітычныя рэпрэсіі ўзмацніліся на фоне ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны, бо ўлады Беларусі далі для нападу тэрыторыю сваёй краіны.

“Сітуацыя ў Беларусі сёння горшая, чым калі-небудзь, для людзей, якія падымаюць крытычны голас супраць сістэмы, — гаворыцца ў артыкуле. — Рэпрэсіям падвяргаюцца ўсе сегменты палітычнай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ. Звычайныя людзі, якія апублікавалі фатаграфію з дэманстрацый 2020 года, падпісаліся на незалежны канал у сацыяльных сетках або проста выказалі надзею на мір ва Украіне, рызыкуюць трапіць у турму. Больш за 1.400 чалавек знаходзяцца ў турмах па палітычных матывах, у тым ліку лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алесь Бяляцкі”.

У публікацыі падкрэсліваюцца намаганні Швецыі ў падтрыманні Беларусі ў міжнародным палітычным парадку дня. Гаворка аб працы над прыняццем дадатковых санкцый у дачыненні да Мінска, каардынацыі палітыкі з “партнёрамі-аднадумцамі”, падтрымцы беларускіх дэмакратычных сіл у выгнанні.

“Беларусь з’яўляецца часткай Еўропы, і беларускі народ мае права выбіраць кірунак знешняй палітыкі сваёй краіны, — падкрэсліваюць Ціханоўская і Більстром. — Павінна быць лепшае бачанне будучыні краіны, чым падпарадкаванне Расіі. ЕС ясна даў зразумець, што будучай дэмакратычнай Беларусі месца ў еўрапейскай сям’і. Нашы асноўныя патрабаванні ясныя. Прыгнёт павінен спыніцца. Палітвязні павінны быць вызваленыя безумоўна і неадкладна. Падтрымка агрэсіі Расіі супраць Украіны павінна спыніцца. Народу Беларусі павінна быць прадастаўленая магчымасць выбіраць сваю будучыню на свабодных, дэмакратычных выбарах”.

Стакгольмская канферэнцыя, якую арганізуе Стакгольмскі цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў (SCEEUS), МЗС Швецыі і Шведскі інстытут міжнародных адносін, прайшла 21–22 траўня. Яе пачатак быў прымеркаваны да Міжнароднага дня салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі. Форум пазіцыянуецца як платформа “для дэманстрацыі падтрымкі дэмакратычнага руху” і “забеспячэння высокага прыярытэту тэмы Беларусі ў еўрапейскім парадку дня”.

Падзяліцца: