Мінск 11:39

Рэжысёр Гнёт пераведзены ў Сербіі пад хатні арышт (дапоўнена)

Скрыншот тэлеканала "Беларусь 1": zerkalo.io

6 чэрвеня, Позірк. Беларускі рэжысёр Андрэй Гнёт пераведзены з турмы ў Бялградзе пад хатні арышт.

Пра гэта “Позірку” паведаміла прэс-сакратар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Юлія Гарачая.

Паводле яе слоў, гэта “першы важны крок у вырашэнні лёсу Андрэя, які больш за сем месяцаў правёў у поўнай ізаляцыі, без належнай медыцынскай дапамогі пры стане здароўя, які рэзка пагоршыўся”.

Цяпер, падкрэсліла Гарачая, важны “другі, самы галоўны крок — не дапусціць яго экстрадыцыі ў Беларусь”, дзе рэжысёра пераследуюць па палітычных матывах.

Яна адзначыла “велізарную працу”, якую прарабіў МЗС Польшчы па звароце НАУ. Пытанне садзейнічання ў вызваленні рэжысёра абмяркоўвалася, у прыватнасці, 21 траўня на сустрэчы кіраўніка НАУ Паўла Латушкі з дырэктарам консульскага дэпартамента польскага знешнепалітычнага ведамства Юстынай Хжаноўскай.

Раней па звароце НАУ Еўрапейская служба знешніх дзеянняў ініцыявала стварэнне рабочай групы з прадстаўнікоў МЗС і пасольстваў еўрапейскіх краін, якія актыўна займаліся недапушчэннем экстрадыцыі Гнёта, нагадала Гарачая.

“Мы працягваем змагацца за лёс Андрэя Гнёта, і мы будзем змагацца за лёсы ўсіх беларусаў, якія пакутуюць ад рэжыму Лукашэнкі. Столькі, колькі ў нас хопіць сіл, і столькі, колькі для гэтага спатрэбіцца часу”, — пракаментаваў перавод рэжысёра пад хатні арышт Латушка.

41-гадовы Андрэй Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст. Займаўся вытворчасцю відэапрадукцыі для аб’яднання SOS.by, якое ў Беларусі прызнанае “экстрэмісцкім фарміраваннем”. Працаваў з вядомымі брэндамі, сярод якіх МТС, Mark Formelle, “Бульбашъ”, “Аліварыя”, “Спартак”, “Беллакт”, World Of Tanks.

Мужчына быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі пасля прылёту ў Бялград, пасля чаго перададзены паліцыі. Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку на запыт беларускага бюро Інтэрпола ад 21 верасня 2023 года. Ведамства прасіла экстрадаваць Гнёта ў Беларусь для крымінальнага пераследу.

Увесь гэты час мужчына знаходзіўся ў бялградскай турме, адначасова з гэтым была паднятая шырокая грамадская кампанія па недапушчэнні яго экстрадыцыі.

12 сакавіка Апеляцыйны суд у Бялградзе адмяніў рашэнне аб экстрадыцыі Гнёта ў Беларусь. Справу пераглядалі некалькі разоў у сакавіку і красавіку.

Падзяліцца: