Мінск 17:31

СК пачаў спецвытворчасць у дачыненні да сябра стачкама “Беларуськалія” Прылуцкага

Крыніца: memohrc.org

6 чэрвеня, Позірк. Следчы камітэт 5 чэрвеня пачаў спецыяльную вытворчасць у дачыненні да сябра стачачнага камітэта на прадпрыемстве “Беларуськалій” (Салігорск, Мінская вобласць) Андрэя Прылуцкага, паведамляе прэс-служба ведамства.

Мужчыну абвінавачваюць паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Прылуцкаму загадана з’явіцца ва Упраўленне Следчага камітэта па Мінску.

41-гадовы Прылуцкі працаваў на ААТ “Беларуськалій” электраслесарам. Пасля далучэння да стачкі ў 2020 годзе пакінуў Беларусь. Затрыманы ў Санкт-Пецярбургу 29 снежня 2020 года, быў прызнаны ў Расіі палітвязнем. 24 чэрвеня 2021 года яго вызвалілі пад абавязацельства яўкі ў суд, пасля чаго мужчына пакінуў РФ. Бацька траіх дзяцей.

Усяго з кастрычніка 2022 года спецвытворчасць у Беларусі пачатая ў дачыненні да 107 чалавек.

Спецыяльная вытворчасць — вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Магчымая па 34 складах злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый і інш.

Падзяліцца: