Паранены на мяжы з Беларуссю польскі салдат знаходзіцца ў стане клінічнай смерці
![](https://pozirk.online/wp-content/uploads/2024/05/napadenie_migranty_polsha_1128x752_20240528.jpg)
6 чэрвеня, Позірк. Польскі вайсковец, паранены напрыанцы траўня на мяжы з Беларуссю, знаходзіцца ў стане клінічнай смерці, паведамляе RMF FM.
Паводле інфармацыі медыя, зараз медыкі і сваякі пацярпелага вырашаюць, ці працягваць працэдуры жыццезабеспячэння.
Раніцай 28 траўня Памежная ахова Польшчы паведаміла пра тое, што польскі салдат зазнаў напад мігранта, які спрабаваў у складзе вялікай групы незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі. Адзначалася, што замежнік ударыў яго нажом. Намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Чэслаў Мрочак у эфіры Polskie Radio заявіў, што раненне сур’ёзнае, але жыццю вайскоўца нічога не пагражае.
За некалькі гадзін да нападзення на вайскоўца, паводле інфармацыі ведамства, ад рук мігрантаў пацярпелі непасрэдна памежнікі. Аднаго з іх ударылі пабітай бутэлькай, ён атрымаў траўмы твару, на другога памежніка напалі з палкай, да якой быў прымацаваны нож. Абодвум спатрэбілася дапамога медыкаў.
На фоне гэтых здарэнняў Польшча скіравала на мяжу дадатковыя сілы. 29 траўня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў пра планы аднавіць 200-метровую буферную зону ля мяжы з Беларуссю. Меркавалася, што яе вернуць 4 чэрвеня, але пасля было заяўлена, што спачатку гэтае пытанне абмяркуюць з мясцовымі ўладамі.
Пра напады мігрантаў на польскіх памежнікаў і вайскоўцаў на мяжы з Беларуссю таксама паведамлялася 31 траўня і 4 чэрвеня.