Мінск 22:26

Лукашэнка і Пуцін па тэлефоне абмеркавалі “пытанні абароны і бяспекі”

Архіўнае фота: "Спутник Беларусь"

12 чэрвеня, Позірк. “Пытанні абароны і бяспекі” абмеркавалі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падчас тэлефоннай размовы 12 чэрвеня.

Яны “абмяняліся думкамі аб сітуацыі ў рэгіёне і перспектывах яе развіцця”, абмеркавалі эканамічныя пытанні і рэалізацыю “дамоўленасцяў у сферы эканомікі і бяспекі”, дасягнутых у Мінску падчас нядаўняга візіту расійскага палітыка. 

Абмеркавана таксама “сумесная праца і напрамкі супрацоўніцтва за мяжой, за межамі Саюзнай дзяржавы”, быў узгоднены “графік далейшых кантактаў”, паведамляе неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі “Пул Первого”.

Лукашэнка таксама на словах павіншаваў Пуціна з Днём Расіі. Раней на яго афіцыйным сайце было апублікавана адпаведнае віншаванне.

Паводле версіі прэс-службы Пуціна, бакі абмеркавалі “актуальныя пытанні далейшага развіцця расійска-беларускіх адносін стратэгічнага партнёрства і саюзніцтва”.

Пуцін наведаў Беларусь 23–24 траўня. Лукашэнка заявіў, што “практычна ўсе пытанні” на сустрэчах з ім тычацца “бяспекі і абароны”.

“Мы да бяспекі Беларусі ставімся сапраўды гэтак жа, як і да бяспекі Расійскай Федэрацыі, гэта, напэўна, ключавы элемент нашага ўзаемадзеяння ў гэтай сферы”, — сказаў тады Пуцін.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. На першапачатковым этапе ўварвання Беларуская тэрыторыя актыўна выкарыстоўвалася для ўводу войскаў, а таксама абстрэлу ўкраінскай тэрыторыі. Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што падтрымлівае РФ ў яе дзеяннях.

Падзяліцца: