Зніклы ў Мазыры падлетак знойдзены мёртвым
![](https://pozirk.online/wp-content/uploads/2024/06/utoplenie_mozyr_SK.jpg)
30 чэрвеня, Позірк. Аб выяўленні ў Мазыры (Гомельская вобласць) цела 14-гадовага падлетка паведаміў 30 чэрвеня Следчы камітэт.
“Хлопец з Нараўлянскага раёна гасцяваў у блізкіх сям’і ў Мазыры. У суботу ён разам з прыяцелямі адправіўся на шпацыр. Кампанія вырашыла астудзіцца ў Прыпяці. Падлетак зайшоў у раку, не разлічыў сілы і патануў. На наступны дзень цела хлопчыка дасталі з вады вадалазы МНС”, — гаворыцца ў паведамленні ведамства.
Адзначаецца, што на месцы здарэння працавала следча-аператыўная група.
“Усе акалічнасці трагедыі будуць устаноўленыя мазырскім раённым аддзелам Следчага камітэта ў ходзе праверкі. Асаблівая ўвага будзе нададзеная прычынам і ўмовам, якія спрыялі гібелі падлетка”, — падкрэсліваецца ў рэлізе СК.
Раней у сутачнай зводцы МНС паведаміла аб знікненні ў Мазыры падлетка 2009 г.н.
Аб выяўленні на беразе ракі Прыпяць яго асабістых рэчаў стала вядома 30 чэрвеня ў 00:57.
“Для пошукавых работ задзейнічана 8 адзінак тэхнікі і 18 чалавек, з іх 6 адзінак тэхнікі і 13 работнікаў МНС. Хлопчык не знойдзены, пошукі працягваюцца”, — адзначылі ў міністэрстве.
Яшчэ да выяўлення ў Мазыры цела загінулага ведамства паведаміла, што за мінулыя суткі ў Беларусі патанула шэсць чалавек.