Мінск 00:32

Эдуард Бабарыка прыгавораны да 1,5 года зняволення па новай крымінальнай справе

Фота: sb.by

12 ліпеня, Позірк. Суд у Бабруйску (Магілёўская вобласць) прыгаварыў палітвязня Эдуарда Бабарыку да 1,5 года пазбаўлення волі, паведамляе “Белсат”.

Яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая ажыццяўляе пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі).

Справу разглядаў суддзя Павел Карцінін.

Крымінальную справу ў дачыненні да Бабарыкі ініцыявала 30 красавіка адміністрацыя бабруйскай папраўчай калоніі № 2, у якой ён адбывае пакаранне.

Да затрымання ў чэрвені 2020 года мужчына кіраваў ініцыятыўнай групай па зборы подпісаў за вылучэнне свайго бацькі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты.

Раней узначальваў краўдфандынгавыя платформы Ulej і MolaMola.

Бабарыка-малодшы прабыў у следчым ізалятары больш за тры гады. 5 ліпеня 2023 года Мінскі абласны суд прыгаварыў яго да 8 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 3 арт.243 (ухіленне ад выплаты падаткаў), ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 342 (саўдзел у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 (саўдзел у распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) КК.

У снежні 2023 года МУС унесла палітвязня ў пералік асоб, “датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”, а КДБ — у спіс асоб, “датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”.

Арт. 411 КК актыўна выкарыстоўваецца ўладамі для падаўжэння тэрмінаў палітвязням.

Падзяліцца: