Мінск 10:18

У аўтааварыі пад Магілёвам загінулі мужчына і дзіця, чатыры чалавекі шпіталізаваныя

Скрыншот: тэлеграм-канал УУС Магілёўскага аблвыканкама

14 ліпеня, Позірк. Два чалавекі загінулі ў дарожна-транспартным здарэнні ўвечары 13 ліпеня ў Магілёўскім раёне, паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкама.

Аварыя адбылася каля 20:40 на аўтадарозе М-8. Адзначаецца, што “паблізу павароту на санаторый “Сосны” кіроўца аўтамабіля Volkswagen здзейсніў лабавое сутыкненне з Audi”.

У выніку ДТЗ загінулі мужчына і дзіця, якія перасоўваліся ў аўтамабілі Volkswagen.

“Яшчэ адно дзіця і трое дарослых дастаўлены ў бальніцу для агляду. Па факце ДТЗ праводзіцца праверка”, — гаворыцца ў паведамленні.

Міністэрства аховы здароўя ўдакладніла, што трое пацярпелых шпіталізаваныя ў магілёўскую бальніцу хуткай дапамогі, дзіця — у дзіцячую абласную бальніцу.

“Трое пацярпелых, шпіталізаваных у БХМД, знаходзяцца ў аддзяленні анестэзіі і рэанімацыі. Стан аднаго з пацыентаў ацэньваецца як вельмі цяжкі, двое — у цяжкім стане. Дзяжурная брыгада спецыялістаў праводзіць неабходнае аператыўнае ўмяшанне аднаму з пацярпелых”, — адзначылі ў ведамстве.

Стан дзіцяці ацэньваецца як сярэдняй ступені цяжкасці, яно таксама знаходзіцца ў аддзяленні анестэзіі і рэанімацыі.

“Цяпер усім пацыентам праводзяцца неабходныя лячэбна-дыягнастычныя мерапрыемствы, спецыялісты робяць усё магчымае для стабілізацыі стану кожнага пацярпелага”, — заявіла Мінздароўя.

Падзяліцца: