Мінск 02:11

Латвійскія памежнікі папрасілі Літву даслаць падмацаванне для аховы мяжы з Беларуссю

Крыніца: pixabay.com

29 ліпеня, Позірк. З просьбай даслаць да 15 памежнікаў для садзейнічання ў ахове мяжы з Беларуссю звярнулася да сваіх калегаў з Літвы памежная служба Латвіі, паведамляе 29 ліпеня LRT.

У Службе аховы дзяржаўнай граніцы Літвы адзначылі, што гэта просьба разглядаецца і ў дапамогу калегам могуць быць накіраваны пагранічнікі, якія нясуць службу на граніцы з Расіяй, у прыватнасці — кінолагі і прадстаўнікі пагранічнай разведкі.

У перыяд з 1 па 25 ліпеня Латвія спыніла 800 спроб нелегальнага пранікнення на сваю тэрыторыю, што ў 2,1 раза больш, чым у перыяд з 1 па 25 чэрвеня (373) і на 18,9% перавышае паказчык 25 ліпеньскіх дзён 2023 года (673).

Рост назіраецца і ў Літве, аднак лічбы тут значна меншыя: 100 спроб за 25 дзён ліпеня 2024 года, што ў 3,1 раза перавышае аналагічны чэрвеньскі паказчык (32) і на 31% саступае перыяду з 1 па 25 ліпеня 2023 года (145).

Пры гэтым у сувязі з увядзеннем уладамі Польшчы буфернай зоны на мяжы з Беларуссю за 25 дзён ліпеня паток нелегалаў (1.020 чалавек) знізіўся на 70,2% у параўнанні з аналагічным чэрвеньскім паказчыкам (3.425) і на 63,7% у параўнанні з перыядам 1–25 ліпеня 2023 года (2.807).

З вясны 2021 года на мяжы Беларусі і Еўразвяза працягваецца міграцыйны крызіс, які ўлады Польшчы і краін Балтыі называюць “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Падзяліцца: