Мінск 20:01

Чацвёра маладых людзей з Латвіі затрымана ў Беларусі — МЗС

Рыга
Архіўнае фота: "Позірк"

29 ліпеня, Позірк. Аб затрыманні ў Беларусі чацвярых маладых людзей з Латвіі паведамляе Delfi са спасылкай на агенцтва LETA

“У Міністэрстве замежных справаў паведамілі, што патэлефанавалі сваякі маладых людзей і паведамілі пра затрыманне. Інфармацыя ад афіцыйных уладаў у цяперашні час удакладняецца, — сказана ў публікацыі. — Згодна з відэа, размешчаным у сацыяльных сетках, маладыя людзі прыехалі ў Беларусь на фестываль. У машыне нібыта была знойдзена марыхуана, і ўсе чацвёра былі затрыманыя”.

У сувязі з інцыдэнтам МЗС Латвіі па-ранейшаму рэкамендуе сваім грамадзянам устрымацца ад паездак у Беларусь.

На думку ведамства, падарожнікі могуць падвергнуцца правакацыям з боку беларускіх службаў, быць ілжыва абвінавачаны ў парушэнні беларускага заканадаўства і арыштаваны. Магчымасці Латвіі па аказанні дапамогі такім людзям “вельмі абмежаваныя”, гаворыцца ў публікацыі.

Міністэрства таксама заклікала не здзяйсняць паездак у РФ.

Паводле інфармацыі “Нашай Нівы”, з відэазапісаў у сацсетках вынікае, што затрыманне адбылося ў Браславе (Віцебская вобласць) на штогадовым музычным фестывалі Viva Braslav (прайшоў 26–28 ліпеня).

Пра тое, што сёлета ў Беларусі і Расіі было затрымана некалькі дзясяткаў грамадзян Латвіі, паведаміла міністр замежных спраў гэтай краіны Байба Бражэ 4 ліпеня.

Паводле звестак МЗС Латвіі на канец кастрычніка 2023 года, у Беларусі “арыштавалі і прад’явілі розныя абвінавачанні” 25 грамадзянам Латвіі. Большасць выпадкаў палітычна матываваная.

Раней з’явілася інфармацыя аб 18 турыстах з Латвіі, якіх затрымалі ў Беларусі з красавіка 2022 года.

У 2022–2023 гадах контрразведка Камітэта дзяржбяспекі затрымала 16 замежнікаў, заявіў старшыня КДБ Іван Церцель 20 лютага на пашыранай нарадзе Аляксандра Лукашэнкі з кіроўным складам сілавых органаў.

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — для жыхароў Польшчы.

19 верасня 2023 года з-за ўзрослай плыні нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).

Падзяліцца: