Мінск 11:21

СМІ Шры-Ланкі паведамілі аб затрыманні ў Беларусі наркагандляра, які падазраецца ў расстрэле наведвальнікаў тату-студыі

Крыніца: adaderana.lk

1 жніўня, Позірк. У Беларусі затрыманы Суджыва Руванкумара, ён жа “Локу Паці” — галоўны падазраваны ў арганізацыі і фінансаванні нядаўняга расстрэлу людзей у Атуругірыі (Шры-Ланка). Пра гэта паведаміў (https://www.adaderana.lk/news.php?nid=100907) 1 жніўня партал навінаў Adedarana са спасылкай на інфармацыю ланкійскай паліцыі.

Адзначаецца, што інцыдэнт са стральбой здарыўся раніцай 8 ліпеня на цырымоніі адкрыцця студыі татуіровак і пірсінгу каля Гадзіннай вежы ў Атуругірыі. Пасля інцыдэнту шэсць чалавек было шпіталізавана. Пазней паліцыя пацвердзіла, што 55-гадовы бізнесмен Сурэндра Васанта Перэра, ён жа “Клуб Васанта”, і 38-гадовы мужчына памерлі ад атрыманых траўм. Сярод чатырох пацярпелых быў папулярны мясцовы спявак К. Суджыва.

Паліцыя арыштавала дзесяць падазраваных, у тым ліку ўладальніка тату-салона. Паведамляецца, што арыштаваныя падазраюцца ў дапамозе і падбухторванні да інцыдэнту са стральбой.

Падчас расследавання ўстаноўлена, што ўладальнік тату-студыі за пэўны перыяд часу атрымаў ад “Локу Паці” суму ў памеры 1 млн рупій (каля 3.300 долараў ЗША), адзначаюць ланкійскія СМІ.

Таксама паведамляецца, што некалькі саўдзельнікаў “Локу Паці”, які, як сцвярджаецца, з’яўляецца “арганізаваным злачынцам і буйным наркагандляром”, неаднаразова арыштоўваліся за замахі на забойства і захоўванне буйных партый наркотыкаў.

Падзяліцца: