Мінск 12:39

ДПК: За тыдзень па бязвізе Беларусь наведала 5.449 чалавек, у тым ліку 800 грамадзян краін з пашыранага спісу

12 жніўня, Позірк. З 5 па 12 жніўня Беларусь у бязвізавым парадку наведала 5.449 жыхароў краін Еўропы, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Каля 800 грамадзян прыехала краін з пашыранага 19 ліпеня спісу. ГПК адзначае, што ў параўнанні з папярэднім тыднем іх колькасць павялічылася амаль удвая.

З 4.649 жыхароў сумежных краін ЕС, якія наведалі Беларусь, 2.501 было з Латвіі (ДПК не канкрэтызуе, колькі сярод іх было грамадзян і неграмадзян), 1.360 грамадзян Літвы і 788 грамадзян Польшчы.

Адзначаецца, што агулам з пачатку дзеяння бязвізавага рэжыму ў Беларусь прыбыла 937.837 замежнікаў.

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — для жыхароў Польшчы. Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў падаўжаў яго тэрмін, апошні раз — да канца 2024 года.

19 ліпеня беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы. Большасць з іх рэжым Лукашэнкі лічыць “недружалюбнымі” за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Згодна з апублікаванай 17 ліпеня заявай (https://pozirk.online/be/news/96110) Міністэрства замежных спраў, гаворка пра жыхароў Андоры, Аўстрыі, Балгарыі, Бельгіі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Венгрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нарвегіі, Нідэрландаў, Партугаліі, Паўночнай Македоніі, Румыніі, Сан-Марына, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі.

Яны могуць уязджаць у Беларусь без візы праз усе наземныя і паветраныя міжнародныя пункты пропуску “паводле сапраўдных дакументаў”, знаходзіцца на беларускай тэрыторыі “не больш за 30 дзён з дня ўезду”.

Падзяліцца: