Мінск 13:51

За 2023 год доля продажаў праз інтэрнэт у агульным аб’ёме рознічнага тавараабароту дасягнула 8,1% — МАРГ

12 жніўня, Позірк. За 2023 год доля продажаў праз інтэрнэт у агульным аб’ёме рознічнага тавараабароту арганізацый гандлю склала 8,1%. Гэты паказчык вырас на 2,1 працэнтнага пункта да 2022 года, паведаміла на прэс-канферэнцыі 2 жніўня намеснік начальніка аддзела метадалогіі ўпраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) Наталля Чараповіч.

Па стане на 1 жніўня ў Гандлёвым рэестры Беларусі зарэгістравана 30.279 інтэрнэт-крам. З пачатку года прырост склаў 367 крам, або 1,2%. Юрыдычным асобам належыць 16.658 інтэрнэт-крам (55% агульнай колькасці), уладальнікамі 13.621 інтэрнэт-крамы з’яўляюцца індывідуальныя прадпрымальнікі. Рознічным гандлем у інтэрнэт-крамах займаюцца больш за 19 тыс. суб’ектаў гандлю, адзначыла прадстаўнік МАРГ.

У Беларусі ў апошнія гады назіраецца дынамічнае развіццё рынку анлайн-гандлю шмат у чым дзякуючы прыходу на яго расійскіх маркетплейсаў. Паводле звестак Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР), па долі электроннага гандлю ў рознічным тавараабароце Беларусь займае трэцяе месца ў ЕАЭС пасля РФ (у якой удзельная вага e-commerce ацэньваецца на ўзроўні 15%) і Казахстана (12%).

У канцы снежня 2023 года кіраўнік МАРГ Аляксей Багданаў паведаміў, што “за апошнія пяць гадоў доля анлайн-гандлю з 3,7% вырасла да 6% у рознічным тавараабароце”.

Гл. таксама:

У сферы гандлю Беларусі працуе больш за 600 тыс. чалавек — МАРГ

Падзяліцца: