Мінск 11:01

Прадухіліць абыход санкцый супраць Беларусі і Расіі становіцца цяжэй — Генпракуратура Літвы

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

13 жніўня, Позірк. Пра павелічэнне спробаў абысці санкцыі супраць Беларусі і Расіі паведаміла 13 жніўня генеральны пракурор Літвы Ніда Грунскене.

Паводле яе слоў, для гэтага выкарыстоўваюцца розныя схемы.

“Цяпер, калі я не памыляюся, вядзецца каля 50 дасудовых расследаванняў, — прыводзіць словы пракурора Delfi. — Гэтая колькасць паказвае, што спробаў абыходу становіцца ўсё больш і ўзнікаюць цяжкасці. Але мы працуем у гэтым кірунку”.

Генпракурор адзначыла, што як мінімум у адным выпадку пасля дасудовага расследавання справа аб абыходзе санкцый была перададзеная ў суд.

Паводле даных нагляднага органа, сем фізічных і чатыры юрыдычныя асобы падазраюцца ў парушэнні міжнародных санкцый альбо абмежавальных мер, устаноўленых заканадаўствам Літвы, і кантрабандзе тавараў у Расію.

Каб “не выклікаць падазрэнняў на мытні”, у суправаджальнай дакументацыі ўказваліся “іншыя найменні тавараў, чым тыя, якія былі рэальна перавезеныя”. Акрамя таго, краінамі прызначэння называліся Беларусь, Казахстан, Турцыя і Узбекістан.

Паводле ацэнак праваахоўнікаў, агульны кошт незаконна вывезеных тавараў перавышае 1,9 млн еўра.

У рамках дасудовага расследавання ў Вільнюсе было праведзена 18 ператрусаў у дамах фізічных асоб, аўтамабілях, месцах рэгістрацыі і дзейнасці юрыдычных асоб, адміністрацыйных памяшканнях.

“Падчас следчых дзеянняў былі канфіскаваныя важныя дакументы, мабільныя тэлефоны, кампутары, а таксама сервер з дакументамі дзейнасці юрыдычных асоб”, — адзначае Генпракуратура Літвы.

За парушэнне дзеючых у краіне міжнародных санкцый або абмежавальных мер, устаноўленых нацыянальным заканадаўствам, прадугледжваецца да пяці гадоў пазбаўлення волі, за перавозку кантрабанды праз мяжу Літвы — да васьмі гадоў.

У дачыненні да Беларусі (яе грамадзян і кампаній) санкцыі былі ўведзеныя дэмакратычнымі краінамі за фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, палітычныя рэпрэсіі, прымусовую пасадку ў Мінску самалёта ірландскай авіякампаніі Ryanair, падтрымку ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны.

Падзяліцца: