Мінск 20:19

Мінфін Літвы прапанаваў скасаваць дамову аб мытным супрацоўніцтве з Беларуссю

Фота: unsplash.com

15 жніўня, Позірк. Пастанову аб спыненні абмену інфармацыяй з мытнымі органамі Беларусі і Расіі падрыхтавала і перадало на разгляд ва ўрад Міністэрства фінансаў Літвы, паведамляе партал lrt.lt са спасылкай на агенцтва BNS.

У ведамстве заявілі, што “з пачатку шырокамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны, якая пачалася ў лютым 2022 года, літоўская мытня не супрацоўнічае і не абменьваецца інфармацыяй з мытнымі службамі РФ і Беларусі”.

Пры гэтым адзначаецца, што асобы, якія маюць гандлёвыя стасункі з Беларуссю і Расіяй “падаюць мытням і судам дакументы, выдадзеныя мытнымі органамі гэтых краін, у якасці доказу законнасці гандлю і захавання міжнародных санкцый”.

Пагадненне з Беларуссю аб супрацоўніцтве ў барацьбе з парушэннямі мытнага заканадаўства было падпісана ў ліпені 1996 года ў Вільнюсе, а пагадненне з Расіяй аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў галіне мытнай дзейнасці — у лютым 1995 года ў Маскве.

Раней Еўрапейская камісія “ў сувязі з расійскай ваеннай агрэсіяй супраць Украіны і ў адпаведнасці з рашэннем цалкам выканаць усе абмежавальныя меры ЕС” прыпыніла супрацоўніцтва “з Расіяй і яе саюзнікам Беларуссю” па трансгранічных праграмах у рамках Еўрапейскага інструмента суседства і “Інтэррэг. Рэгіён Балтыйскага мора”.

На пасяджэнні 18 студзеня 2023 года ўрад Літвы пастанавіў дэнансаваць пагадненне з Беларуссю аб асноўных прынцыпах прыгранічнага супрацоўніцтва, якое было падпісана 1 чэрвеня 2006 года. У ім выкладзеныя прынцыпы супрацоўніцтва ў галіне перамяшчэння транспартных сродкаў і пасажыраў праз мяжу, абмену інфармацыяй, аказання дапамогі на мяжы ў выпадку надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару.

Падзяліцца: