Мінск 15:55

Праваабаронца Судаленка паведаміў аб узбуджэнні супраць яго новай крымінальнай справы

Леанід Судаленка
Фота: асабісты архіў Леаніда Судаленкі

2 лістапада, Позірк. Супраць былога палітвязня, праваабаронцы Леаніда Судаленкі ўзбуджаная новая крымінальная справа.

“Ізноў крыміналка!.. 1 лістапада СК (Следчы камітэт. — “Позірк”.) у Гомелі ўзбудзіў супраць мяне новую крымінальную справу (артыкул 3614 КК, “іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”). Як вядома, першы раз мяне кінулі ў турму за дапамогу людзям. Адседзеў, выйшаў па званку (адбыў увесь тэрмін. — “Позірк”.) і роўна на 100-ы дзень свабоды новыя абвінавачанні, не падабаецца, як я пра гэта расказваю людзям. Выходзіць, зараз за тое, што не маўчу…” — напісаў праваабаронца ў “Фэйсбуку”.

Судаленка быў затрыманы 18 студзеня 2021 года. Праваабаронцу і яго памочніцу Таццяну Ласіцу абвінавацілі ў “арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”, “падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні ці іншым матэрыяльным забеспячэнні” (ч. 1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Валанцёру Марыі Тарасенка інкрымінавалі саўдзел у здзяйсненні гэтых дзеянняў.

Тарасенка была пад падпіскай аб нявыездзе, але выехала з краіны, пазбегнуўшы пазбаўлення волі. Судаленку і Ласіцу 3 лістапада 2021 года суд Цэнтральнага раёна Гомеля (суддзя Сяргей Салоўскі) прыгаварыў адпаведна да 3 і 2,5 года зняволення ва ўмовах агульнага рэжыму.

Ласіца выйшла на волю 24 верасня 2022 года, Судаленка — 21 ліпеня 2023-га.

На 14-ы дзень з меркаванняў бяспекі праваабаронца эміграваў у Літву, прыняўшы “цяжкае для сябе рашэнне”.

12 кастрычніка Камітэт ААН па правах чалавека (КПЧ ААН) зарэгістраваў скаргу Судаленкі. “У калоніі часта паўтаралі: раз прысуд уступіў у сілу, значыць ты злачынец! А як ён мог уступіць у законную сілу, калі на апеляцыю мяне з турмы не дастаўлялі, не выклікалі ў суд другой інстанцыі майго адваката. Разгледзелі ў таямніцы, як гэта назваць?” — цытаваў былога вязня праваабарончы цэнтр “Вясна”.

На думку Судаленкі, калі КПЧ ААН прызнае парушэнне яго правоў з боку афіцыйнага Мінска, гэта будзе “важнай прававой кваліфікацыяй дзеянняў беларускага рэжыму”.

Чытайце таксама інтэрв’ю Леаніда Судаленкі “Позірку”:

“Хуткая прыязджае ў адным выпадку — зафіксаваць смерць”. Праваабаронца Судаленка аб часе ў СІЗА і калоніі

Падзяліцца: