Мінск 17:35

Часовы павераны ў справах Арменіі выкліканы ў беларускі МЗС у сувязі з акцыяй пратэсту ля амбасады

Крыніца: ua.news

21 жніўня, Позірк. Часовы павераны ў справах Арменіі ў Мінску Нарэк Тыратуран быў выкліканы ў беларускае МЗС у сувязі з акцыяй пратэсту ля амбасады Беларусі ў вёсцы Арындж пад Ерэванам 21 жніўня.

“Армянскі дыпламат быў падрабязна праінфармаваны аб учыненым групай асоб акце вандалізму ў дачыненні да будынка амбасады Беларусі ў Ерэване, нанесенай беларускай дыпмісіі шкодзе і відавочна недастатковых мерах армянскіх праваахоўных органаў па яго прадухіленні”, — гаворыцца ў паведамленні знешнепалітычнага ведамства.

Армянскаму боку “ўказана на абавязак забеспячэння прымаючай дзяржавай захаванасці беларускай дыпмісіі і яе маёмасці, а таксама бяспекі дыпламатычнага персаналу, як гэта вызначана Венскай канвенцыяй аб дыпламатычных зносінах і паўсюдна прынята”.

У МЗС чакаюць, што вандалы будуць устаноўленыя, кампенсуюць нанесеную шкоду і панясуць пакаранне ў адпаведнасці з заканадаўствам Арменіі.

Раней у гэты дзень дэмакратычныя сілы Арменіі запатрабавалі ад уладаў краіны”неадкладна разарваць дыпламатычныя стасункі з Беларуссю да зрынання дыктатара Лукашэнкі з пасады”.

З гэтым і іншымі палітычнымі патрабаваннямі іх прадстаўнікі выйшлі 21 жніўня да беларускай амбасады. Прадстаўнікі партыі “У імя Рэспублікі” закідалі дыпмісію яйкамі, памідорамі і бульбай.

Патрабаванне аб разрыве дыпадносін згадваецца ў заяве Кансультатыўнай платформы дэмакратычных сіл Арменіі, тэкстам якой падзяліўся з “Позіркам” палітолаг, экспэрт армянскага цэнтра палітычных і міжнародных даследаванняў Рубен Меграбян, які з’яўляецца адным з арганізатараў акцыі.

Дэмсілы таксама рэкамендавалі запрасіць у Ерэван з візітам “абранага прэзідэнта Беларусі Святлану Ціханоўскую”.

Падзеі пачалі развівацца пасля інтэрв’ю Лукашэнкі дзяржаўнаму тэлеканалу РФ “Россия”, у якім ён раскрытыкаваў курс армянскіх уладаў на збліжэнне з Захадам.

“Вы бачыце палітыку. Я нават не звяртаў увагі і казаць не хачу пра Арменію. Ну што гэта за палітыка? Ну каму армяне патрэбныя, акрамя нас? Нікому яны не патрэбныя. Хай разьвіваюць сваю эканоміку і арыентуюцца на тое, што ў іх ёсьць. Якая Францыя, які [прэзідэнт] Макрон? Заўтра не будзе Макрона, і ўсе забудуць пра гэтую Арменію”, — сказаў Лукашэнка.

Ціханоўская выступіла з “катэгарычным асуджэннем” абразлівых выказванняў Лукашэнкі пра Арменію.

Сёлета 13 чэрвеня прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў, што ні ён, ні які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Мінску знаходзіцца Лукашэнка. Пашынян выказаўся ў кантэксце заяў Лукашэнкі аб карабахскім канфлікце на сустрэчы з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым у сярэдзіне траўня. Пасля заявы прэм’ера абедзве краіны адклікалі сваіх амбасадараў для кансультацый.

2 чэрвеня, выступаючы перад парламентам, кіраўнік армянскага ўрада заявіў аб магчымым выхадзе краіны з Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы.

Падзяліцца: