Мінск 02:32

За тыдзень у Беларусь уехала амаль 3 тыс. грамадзян Украіны — Дзяржпагранкамітэт

Крыніца: prostozmostu.net

23 жніўня, Позірк. За мінулы тыдзень (з 6:00 16 жніўня па 6:00 23 жніўня) у Беларусь заехаў 2.971 грамадзянін Украіны (за папярэднія сем дзён — 2.875), паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт.

Непасрэдна праз украінскую мяжу прайшоў адзін чалавек, транзітам праз Польшчу — 2.350 (2.322), Літву — 560 (481), Латвію — 60 (72).

З пачатку года ў Беларусь заехала 88.754 грамадзяніна Украіны: з тэрыторыі Украіны — 36, транзітам праз Польшчу — 70.364, праз Літву — 17.027, праз Латвію — 1.327.

Усяго з 24 лютага 2022 года ў Беларусь прыбыло 235.246 грамадзян Украіны: праз украінска-беларускую мяжу — 15.954, транзітам праз Польшчу — 168.152, праз Літву — 45.277, праз Латвію — 5.863.

“Дзяржпагранкамітэт Беларусі займаецца несумленнай падачай лічбаў і чыстай вады маніпуляцыяй”, — заявіў у інтэрв’ю “Позірку” ў лютым гэтага года амбасадар па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі Ігар Кізім. Паводле яго слоў, гаворку трэба весці аб звычайных паездках грамадзян Украіны ў Беларусь.

Дыпламат адзначыў, што ў адкрытых крыніцах звестак аб колькасці ўкраінцаў, якія выехалі з Беларусі, не знайсці. “Сумленным і прыстойным з боку ДПК было б даваць гэтую статыстыку”, — лічыць ён.

“Насамрэч гаворка ідзе не пра транзітных уцекачоў ці людзей, якія заехалі ў Беларусь, каб папрасіць прытулак. Гэта, як і раней, простыя паездкі ўкраінскіх грамадзян”, — адзначыў Кізім.

Падзяліцца: