Мінск 15:09

Праваабаронца Кісляк абскардзіў у грузінскім судзе адмову ў наданні прытулку

Раман Кісляк у Грузіі
Фота: "Позірк"

12 верасня, Позірк. Тбіліскі гарадскі суд зарэгістраваў скаргу беларускага праваабаронцы Рамана Кісляка на адмову надаць яму палітычны прытулак у Грузіі. “Падчас абскарджвання я магу знаходзіцца ў краіне на законных падставах”, — паведаміў Кісляк “Позірку”.

У адмове гаворыцца, што заяўнік адпавядае крытэрам, вызначаным Жэнеўскай канвенцыяй “Аб статусе ўцекача” і закону Грузіі “Аб міжнароднай абароне”. Аднак, на думку дэпартамента міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў, “ёсць дастатковыя падставы для дапушчэння”, што яго знаходжанне ў Грузіі можа “супярэчыць інтарэсам краіны”.

У скарзе ён просіць скасаваць рашэнне пра адмову ў прытулку, надаць статус уцекача і прызнаць парушэнне правоў.

“Сапраўднай прычынай адмовы з’яўляецца мая праваабарончая дзейнасць”, — лічыць Кісляк.

Паводле яго звестак, з 2022 года беларусы падалі больш 60 прашэнняў на атрыманне прытулку і ўжо ёсць як мінімум 12 адмоваў.

Суд па справе Кісляка можа быць прызначаны на працягу двух месяцаў, у выпадку адмовы рашэнне можна будзе абскардзіць у апеляцыйным судзе. Увесь гэты час беларускі праваабаронца будзе заставацца ў статусе прасіцеля прытулку на законных падставах у Грузіі, ён атрымаў новае грузінскае часовае пасведчанне асобы.

Члену Каардынацыйнай рады, трэнеру па тайскім боксе Марыне Зялёнай (Калінінай) таксама было адмоўлена ў атрыманні міжнароднай абароны ў Грузіі. Яна паведаміла “Позірку”, што плануе абскарджваць гэтае рашэнне.

Падрабязнасці даступныя падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: