Мінск 16:42

Новаствораны “Першы інфармацыйны” канал уключаны ў абавязковы ТБ-пакет

11 верасня, Позірк. Новаствораны “Першы інфармацыйны” канал уключаны ў абавязковы агульнадаступны пакет тэлепраграм, паведаміла Міністэрства інфармацыі са спасылкай на пастанову ўрада ад 11 верасня.

Канал пачне вяшчаць 17 верасня. У пакет уваходзяць яшчэ восем, у асноўным прапагандысцкіх, каналаў (“Беларусь 1”, “Беларусь 2”, “Беларусь 3”, АНТ, СТБ, “Расія-Беларусь”, “НТВ-Беларусь”, “Мір”) і адзін спартыўны (“Беларусь 5”).

Стварэнне “інфармацыйнага канала” на базе Белтэлерадыёкампаніі анансавала прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант 28 чэрвеня.

Яна паведаміла, што займаецца праектам разам з намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, экс-міністрам інфармацыі Уладзімірам Пярцовым, старшынёй Белтэлерадыёкампаніі Іванам Эйсмантам (яе муж) і “пулам кіраўнікоў”.

29 жніўня Лукашэнка заявіў, што “Першы інфармацыйны” павінен быць “сапраўдным беларускім” тэлеканалам, “без усялякай хлусні”.

У сакавіку 2022 года Лукашэнка ўвёў абавязковы збор з рэкламадаўцаў на падтрымку дзяржаўных СМІ. Яны атрымліваюць 10% кошту рэкламных паслуг за размяшчэнне вонкавай рэкламы і рэкламы на транспарце, у астатніх выпадках — 20%. Таксама на фінансаванне “вытворчасці беларускага (нацыянальнага) кантэнту ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі” накіроўваецца 1/26 частка ПДВ, які паступіў у бюджэт пры рэалізацыі паслуг перадачы даных.

У Беларусі не спыняецца пераслед журналістаў і блогераў. На 11 верасня ў месцах зняволення ўтрымлівалася 34 супрацоўнікі СМІ. Пераважная большасць незалежных СМІ пазбаўленая магчымасці працаваць у краіне, іх дзейнасць, а таксама любое супрацоўніцтва з імі дэ-факта крыміналізаваныя пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам. Многія рэдакцыі за мяжой акрамя маральнага ціску з-за неадэкватных умоў працы маюць матэрыяльныя цяжкасці.

Падзяліцца: