Мінск 07:25

Працоўныя пенсіі павышаны на 5%

Ілюстратыўнае фота: Brestcity.com

13 верасня, Позірк. У Беларусі з 1 кастрычніка будуць павышаны працоўныя пенсіі, вынікае з указа Аляксандра Лукашэнкі № 357, аб падпісанні якога 12 верасня паведаміла ягоная прэс-служба.

Згодна з дакументам, рост у сярэднім складзе 5%.

Толькі ў кастрычніку на выплату пенсій будзе накіравана каля 2 млрд рублёў, з якіх 95 млн — дадатковыя выдаткі ў сувязі з павышэннем.

Як паведамілі ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, будуць павялічаны ўсе віды працоўных пенсій (па ўзросту, за выслугу гадоў, па інваліднасці, з нагоды страты карміцеля).

“Па папярэдняй ацэнцы, сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў кастрычніку складзе 852 рублі. Гадавое павелічэнне (да кастрычніка 2023-га) складзе 115 рублёў (+15,6%)”, — адзначылі ў ведамстве.

Памер павелічэння працоўнай пенсіі ў кожнага пенсіянера будзе свой у залежнасці ад працягласці стажу, велічыні заробку, улічаных пры вылічэнні яму пенсіі, устаноўленых даплат да асноўнай пенсіі.

Гэта другое павышэнне сёлета. Першае адбылося з 1 лютага на 10%.

Міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1” 16 чэрвеня адзначыла, што ўсяго ў краіне пенсіі атрымлівае 2,3 млн чалавек.

Бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва з 1 жніўня па 31 кастрычніка 2024 года складае 433 рублі.

З 1 жніўня павялічыўся памер даплат пенсіянерам ва ўзросце 75–79 гадоў — 81,19 рубля, 80 гадоў і старэй (з улікам надбаўкі на догляд) — 162,38, а пры наяўнасці інваліднасці I групы — 216,5.

Даплаты да пенсій атрымліваюць больш як 527 тыс. чалавек ва ўзросце 75 гадоў і старэйшыя. Выдаткі на гэтыя патрэбы складуць, па адзнацы ведамства, 790 млн рублёў.

Падзяліцца: