Мінск 14:56

Спікер армянскага парламента лічыць, што стасункі з Беларуссю пагаршаюць не яго выказванні, а палітыка Мінска

Ален Сіманян
Фота: parliament.am

6 траўня, Позірк. Спікер Нацыянальнага сходу Арменіі Ален Сіманян лічыць, што да пагаршэння адносін Ерэвана і Мінска прыводзяць не яго заявы, а дзеянні беларускага боку.

“Непаважлівае стаўленне да Арменіі, да партнёра ў АДКБ, да дзяржаўнасці Арменіі пагаршае стасункі, падрыхтоўка да 44-дзённай вайны з Азербайджанам пагаршае стасункі“, — заявіў Сіманян 6 траўня, адказваючы на пытанні журналістаў, паведамляе Armtimes.

“Многія фактары пагаршаюць стасункі, і палітычны курс — пытанне выбару для кожнай дзяржавы. Для Арменіі найважнейшымі каштоўнасцямі з’яўляюцца правы чалавека і свабоды, і я думаю, што кожная дзяржава выбірае свой уласны прыклад. Мы выбралі шлях дэмакратызацыі Арменіі, яны выбралі крыху іншы шлях, не той жа, што і Арменія”, — сказаў спікер.

Паводле інфармацыі Armtimes, “адказваючы на пытанне аб “недыпламатычных фармулёўках“, Сіманян заявіў, што гэта адпавядае яго характару, акрамя таго, парламенцкая дзейнасць не абмяжоўвае яго ў фармулёўках, у адрозненне ад прадстаўнікоў дыпламатычнай службы”.

“Арменія не будзе перыферыйнай правінцыяй, Арменія не будзе знаходзіцца ў палітычнай залежнасці, Арменія павысіць узровень свайго суверэнітэту. Прыклад беларускага кіравання непрымальны для маёй краіны і для мяне асабіста. Арменія — свабодная краіна з вольнымі СМІ, правамі чалавека і вяршэнствам права“, — адзначыў спікер.

1 траўня ў інтэрв’ю грамадскаму тэлебачанню Арменіі Сіманян заявіў пра спробу расійскага ўмяшання ў прызначаныя на 7 чэрвеня парламенцкія выбары ў Арменіі.

“Калі ва Украіне [расіяне] спрабуюць прасоўваць свае інтарэсы вайсковым шляхам, то ў Арменіі адбываецца спроба захопу ўлады. Нашу дэмакратычнасць яны цяпер спрабуюць выкарыстаць супраць нас, кажуць: у вас інтэрнэт адкрыты, мы ў гэтым інтэрнэце на свае рублі купім столькі рэкламы, што ўсё будзе нашым. Мы не дазволім ператварыць Арменію ў “губерню“, мы не будзем кіравацца так, як кіруецца Беларусь”, — сказаў ён.

4 траўня прэс-сакратар МЗС Беларусі Руслан Варанкоў заявіў, што словы Сіманяна ў дачыненні да Беларусі — “не што іншае, як перадвыбарчы папулізм і адчайная спроба адцягнуць уласны электарат ад найцяжэйшых унутраных праблем“. Паводле яго слоў, спікер армянскага парламента сваёй заявай распачаў спробу “прызначыць знешняга ворага і практыкавацца ў абразлівых ярлыках”.

5 траўня МЗС Беларусі паведаміў, што часовы павераны ў справах Арменіі Артур Саргсян быў выкліканы ў замежнапалітычнае ведамства, дзе яму быў “заяўлены рашучы пратэст і ўручаная адпаведная нота ў сувязі з нядаўнімі недружалюбнымі дзеяннямі армянскага боку”.

4-5 траўня ў Арменіі знаходзілася беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Арменія пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Нікола Пашыняна, які прыйшоў да ўлады ў 2018 годзе пасля пратэстаў супраць ранейшых кіраўнікоў краіны, узяла курс на збліжэнне з Еўрасаюзам.

Пры гэтым у апошнія гады стасункі паміж Мінскам і Ерэванам значна пагоршыліся. Прычынай таму стаў апошні карабахскі ваенны канфлікт з Азербайджанам (першая фаза — канец 2020-га, другая — канец 2023-га), у выніку якога непрызнаная Нагорна-Карабахская Рэспубліка, якую падтрымлівала Арменія, спыніла існаванне, а тэрыторыі перайшлі пад кантроль Баку.

Ерэван, які стаяў ля вытокаў стварэння Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы, папракнуў ваенна-палітычны блок у бяздзейнасці ў гэтай сітуацыі. Больш за тое, паводле сцвярджэння Пашыняна, некалькі краін АДКБ фактычна дапамагалі Баку. Не назваўшы гэтыя дзяржавы наўпрост, Армянскі прэм’ер недвухсэнсоўна намякнуў, што адна з іх — Беларусь.

Падзяліцца: