Мінск 13:12

Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы канстатавала нарастанне актыўнасці беларускіх спецслужбаў

Фота: abw.gov.pl

6 траўня, Позірк. 2024-2025 гады ў Польшчы характарызаваліся “падвышанай і нарастаючай актыўнасцю найперш расійскіх спецслужбаў, беларускіх, якія цесна супрацоўнічаюць з імі, а таксама кітайскіх спецслужбаў“. Такія высновы ўтрымліваюцца ў апублікаванай 6 траўня справаздачы Агенцтва ўнутранай бяспекі (АУБ) Польшчы, прысвечанай асобным аспектам дзейнасці спецслужбы ў згаданы перыяд.

Адзначаецца, што “асаблівай увагі ў кантэксце працяглай вайны ва Украіне і пагроз бяспекі Польшчы заслугоўвае шматаспектнае кітайска-расійскае супрацоўніцтва, якое паглыбляецца, уключаючы кааперацыю ў галіне інфармацыйнай вайны, а таксама рост прысутнасці і палітыка-эканамічны ўплыў КНР у Беларусі”.

У прысвечаным Беларусі раздзеле дакумента гаворыцца, што Польшча “застаецца для беларускай выведкі нязменна прыярытэтнай аператыўнай мэтай. У 2024-2025 гадах найважнейшай задачай спецслужбаў Беларусі была абарона рэжыму, таму іх актыўнасць засяроджвалася на інфільтрацыі і дэзінтэграцыі шматлікіх беларускіх апазіцыйных супольнасцяў, якія дзейнічаюць у Польшчы“.

АУБ адзначае, што “беларуская выведка, асабліва вайсковая, цесна супрацоўнічае са сваім аналагам у Расіі”. “Своеасаблівы “сімбіёз” спецслужбаў дзвюх дзяржаў яшчэ больш паглыбіўся ў сувязі з расійскім уварваннем ва Украіну і абмежаваннем магчымасцяў вядзення дзейнасці на тэрыторыі Польшчы з класічных пазіцый прыкрыцця. Беларуская вайсковая выведка таксама вядзе інтэнсіўную выведвальную дзейнасць у дачыненні да аб’ектаў Узброеных сіл Польшчы і хаўруснікаў, а таксама крытычнай інфраструктуры“, — гаворыцца ў дакладзе.

Падкрэсліваецца, што “беларускія спецслужбы вядуць масавую вярбоўку на тэрыторыі сваёй краіны, а затым спрабуюць перакідваць сваіх агентаў у Польшчу”. Гэтыя аперацыі “адрозніваюцца рознай ступенню прафесіяналізму”. У апошнія два гады “адзначаецца рост рэпрэсіўных дзеянняў з боку беларускіх афіцэраў у дачыненні да грамадзян Беларусі, адабраных для вярбоўкі (шантаж, прамы прымус)“.

“Праявай варожай актыўнасці беларускіх спецслужбаў з’яўляюцца таксама спробы апытання і вярбоўкі польскіх грамадзян, якія рэгулярна выязджаюць у Беларусь, аператыўная інфільтрацыя ў польскую меншасць у гэтай краіне“, — адзначыла польская спецслужба. Агенцтва нагадала пра затрыманне грамадзяніна Польшчы Каміла К. у траўні 2024 года, а таксама двух грамадзян Беларусі — Сцяпана К. і Андрэя Б., якія здзяйснялі падпалы на заданне спецслужбаў Расіі; у лістападзе таго ж года — затрыманне грамадзяніна Беларусі Яраслава С., які падазраваўся ў спробе падпалу аб’екта ў Гданьску.

Гл. падрабязней: У Польшчы за падпалы гандлёвых аб’ектаў і супрацоўніцтва з выведкай РФ будуць судзіць пецярых замежнікаў, сярод абвінавачаных — беларус

У справаздачы адзначаецца, што ў Польшчы “рызыкі, звязаныя з ісламскім тэрарызмам, у параўнанні з краінамі Заходняй Еўропы, па-ранейшаму застаюцца на адносна нізкім узроўні“. Аднак дзякуючы працы АУБ “выяўленыя асобныя выпадкі радыкалізацыі на глебе ісламскага фундаменталізму як сярод грамадзян Польшчы, так і сярод замежнікаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі краіны“.

У гэтым кантэксце падкрэсліваецца, што “значныя пагрозы былі звязаныя з незаконным перамяшчэннем замежнікаў на мяжы з Рэспублікай Беларусь і гібрыднымі дзеяннямі гэтай дзяржавы, звязанымі з міграцыяй”. Такая актыўнасць “палягчае пранікненне ў Польшчу замежнікаў, якія могуць уяўляць пагрозу бяспецы краіны“. Выяўленыя выпадкі незаконнага ўезду або знаходжання на тэрыторыі Польшчы “ў значнай ступені тычацца грамадзян краін з павышанай тэрарыстычнай рызыкай“.

У раздзеле, прысвечаным палярызацыі польскага грамадства, адзначаецца, што “распаўсюд радыкальнага кантэнту ўзмацняе раскол у грамадстве, што робіць яго менш устойлівым да дэстабілізуючых дзеянняў”. Пры гэтым “наратыў лідараў і ключавых актывістаў рухаў антыдзяржаўнага характару часта карэлюе з выказваннем падтрымкі палітыкі рэжымаў Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Схільнасць асобных людзей да падобных інфармацыйна-псіхалагічных аперацый (маніпуляцыі і дэзінфармацыі) палягчае радыкалізацыю іх поглядаў. У выніку частка людзей пачынае больш давяраць наратывам і мадэлям паводзін, якія прасоўваюцца Расіяй і Беларуссю, памылкова ўспрымаючы іх як крыніцу парадку, сілы і бяспекі“.

Адзначаецца таксама, што “на фоне назірання росту агульнай колькасці кібератак АУБ фіксуе сістэматычную прафесіяналізацыю дзейнасці груп APT (англ. advanced persistent threat — “прасунутая пастаянная пагроза”). Гэта высокаспецыялізаваныя суб’екты, якія падтрымліваюцца ўрадамі варожых дзяржаў, ажыццяўляюць складаныя і доўгатэрміновыя шпіёнскія і дыверсійныя аперацыі”.

“Сярод груповак, якія праяўляюць асаблівую актыўнасць у кіберпрасторы, можна вылучыць, у прыватнасці, расійскія APT28 (Fancy Bear), APT29 (Midnight Blizzard), а таксама звязаную з беларускім дзяржаўным апаратам групу UNC1151“, — гаворыцца ў дакуменце.

Адзначаецца, што гэта — “каманды спецыялістаў, якія дзейнічаюць на замову дзяржаўных структур (у тым ліку найперш усходніх спецслужбаў), асноўнай мэтай якіх з’яўляецца атрыманне стратэгічнай выведвальнай інфармацыі, кібершпіянаж, правядзенне аперацый уплыву, а таксама рэалізацыя шматпрофільных кампаній дэзінфармацыі“.

Падзяліцца: