Мінск 00:09

Вальфовіч абвінаваціў “большасць еўрапейскіх дзяржаў” у нападзе на СССР разам з Гітлерам

Аляксандр Вальфовіч (справа)
Архіўнае фота: ІА "Ваяр"

6 траўня, Позірк. “Большасць еўрапейскіх дзяржаў” разам з Адольфам Гітлерам “ішлі <…> заваёўваць жыццёвую прастору на Усходзе“, “рабаваць і забіваць”, сцвярджае дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч.

Заява, якая супярэчыць гістарычным фактам, прагучала падчас урачыстага сходу, прысвечанага Дню перамогі 6 траўня ў Мінску. Яго прыводзіць прэс-служба Мінабароны.

Пры гэтым Вальфовіч абвінаваціў Захад у “фальсіфікацыі і маніпуляцыі“ па гэтай тэме.

Акрамя нацысцкай Германіі ў вайну супраць СССР ўступілі або далі свае войскі шэсць краін з больш чым 30 еўрапейскіх: Румынія, Італія, Фінляндыя, Венгрыя, Славакія і Харватыя (толькі добраахвотніцкія легіёны).

Да 1941 года былі акупаваныя Польшча, Данія, Нарвегія, Бельгія, Нідэрланды, Люксембург, Югаславія, Францыя і Чэхія.

Заставаліся фармальна незалежнымі і па-за ваенным канфліктым Швецыя, Швейцарыя, Іспанія (накіравала дывізію добраахвотнікаў), Партугалія і Ірландыя.

У антыгітлераўскую кааліцыю ў Еўропе ўваходзілі Вялікабрытанія, Францыя, Польшча, Югаславія, Чэхаславакія, Грэцыя, Нарвегія, Бельгія, Нідэрланды, Люксембург, пазней, бліжэй да канца вайны, — Італія, Румынія і Балгарыя. Баявыя дзеянні супраць Германіі ў 1944 годзе распачала Фінляндыя.

Такім чынам, сцвярджэнне Вальфовіча не адпавядае рэчаіснасці.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Адначасова ўзмоцнены ідэалагічны складнік святкавання Дня перамогі 9 траўня. Трактоўкі падзей Другой сусветнай вайны, адрозныя ад тых, што прасоўваюцца ўладамі, могуць пацягнуць крымінальны пераслед, у тым ліку па арт.1302 КК (адмаўленне генацыду беларускага народа; уведзеная ў 2022 годзе).

Падзяліцца: