Мінск 19:57

Ціханоўская заклікала неадкладна вызваліць арыштаванага ў Беларусі грамадзяніна Японіі Наканісі

Скрыншот: відэаматэрыял Агенцтва тэленавін

7 верасня, Позірк. Арышт японскага грамадзяніна Наканісі Масатосі ў Беларусі “выклікае глыбокую трывогу”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“Як і іншыя несправядліва зняволеныя, ён пазбаўлены асноўных правоў чалавека і дэгуманізаваны прапагандай рэжыму, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х. — Мы заклікаем неадкладна вызваліць яго і вітаем намаганні японскіх дыпламатаў па аказанні яму дапамогі”.

4 верасня Агенцтва тэленавін, якое ўваходзіць у структуру Белтэлерадыёкампаніі, паведаміла пра затрыманне ў Беларусі японскага грамадзяніна, які нібыта працаваў на спецслужбы сваёй краіны. Незалежныя медыі высветлілі, што гаворка ідзе пра Наканісі. Амбасада Японіі ў Мінску пацвердзіла тэлеканалу NHK факт затрымання 50-гадовага суайчынніка “9 ліпеня за меркаванае парушэнне беларускага заканадаўства”.

На наступны дзень гэтую інфармацыю пацвердзіў журналістам галоўны сакратар Кабінета міністраў Японіі Хаясі Ёсімаса. Паводле яго слоў, японскі консул сустрэўся з затрыманым, урад “аказаў яму максімальную падтрымку, у тым ліку звязаўся з яго сваякамі”.

Увечары 5 верасня на тэлеканале “Беларусь 1” выйшаў рэпартаж “Правал “самурая” з Токіа”, у якім начальнік Следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак паведаміў пра выстаўленыя Наканісі абвінавачанні паводле арт. 3581КК (агентурная дзейнасць).

Згодна са сцвярджэннем прадстаўніка ведамства, у Беларусі Наканісі ажыццяўляў збор і перадачу на адрас японскай спецслужбы “выведвальнай інфармацыі вайсковага характару, у прыватнасці, пра беларускую вайсковую інфраструктуру, пра перамяшчэнне войскаў і вайсковай тэхнікі, пра цяперашнюю сітуацыю на паўднёвым кірунку”.

Акрамя таго, паводле слоў Бычака, “замежніку выведорганам адпрацоўваліся заданні па вербавальным вывучэнні беларускіх грамадзян, якія маюць доступ да дзяржаўных сакрэтаў”.

Абвінавачаны ўтрымліваецца ў следчым ізалятары КДБ, і, паводле сцвярджэння Бычака, “актыўна супрацоўнічае са следствам і дае падрабязныя паказанні пра сваю супрацьпраўную дзейнасць”.

У рэпартажы было сказана, што Наканісі пераехаў у Гомель у 2018 годзе. Паведамлялася, што ён пабраўся фіктыўным шлюбам з грамадзянкай Беларусі, які затым скасаваў, і ўладкаваўся працаваць выкладчыкам японскай мовы ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Скарыны.

6 верасня медыя Kyodo News паведаміла, што Токіа заявіў пратэст Мінску ў сувязі з паказаным на беларускім тэлебачанні сюжэтам пра “затрыманага і абвінавачанага ў шпіянажы” Наканісі. У пратэсце, які быў пададзены праз амбасаду Японіі ў Беларусі ўвечары 5 верасня пасля выхаду сюжэту, сярод іншага гаворыцца пра парушэнне правоў затрыманага.

Прадстаўнік японскага Кабміна Хаясі заявіў, што тэлесюжэт выклікаў “крайняе шкадаванне”. “Мы будзем аказваць максімальную падтрымку з пункту гледжання абароны нашых грамадзян”, — сказаў ён.

Таксама 6 верасня МЗС Беларусі выклікала японскага амбасадара Хіраюкі Ямамота і заявіла пратэст “у сувязі з правядзеннем нядаўна затрыманым грамадзянінам Японіі” на тэрыторыі Беларусі “шпіёнскай дзейнасці, якая нанесла шкоду бяспецы” краіны.

Паводле сцвярджэння прэс-сакратара знешнепалітычнага ведамства Анатоля Глаза, “усе следчыя працэдуры былі праведзены ў поўнай адпаведнасці з беларускім заканадаўствам і ўсімі міжнародна-прававымі нормамі”. “Да затрыманага быў забяспечаны консульскі доступ, камфортныя ўмовы яго ўтрымання вядомы японскаму боку, ён забяспечаны абаронай, добраахвотна супрацоўнічае са следствам і ідзе на кантакт са СМІ”, — сказаў ён, адзначыўшы, што Мінск не адмаўляецца ад далейшых кантактаў з японскім бокам па справе Наканісі.

Падзяліцца: