Мінск 21:04

У мінулыя суткі ліквідавана 95 пажараў у прыродных экасістэмах

Ілюстрацыйнае фота: Raquel Raclette / unsplash.com

10 верасня, Позірк. У мінулыя суткі (з 6 гадзін 9 верасня да 6 гадзін 10 верасня) работнікі МНС патушылі 95 пажараў у прыродных экасістэмах, вынікае з сутачнай аператыўнай зводкі ведамства.

Адзначаецца, што ратавальнікі ліквідавалі 13 лясных узгаранняў (агульная плошча 6,304 га), 5 — тарфяных (0,975 га), 77 — травы і кустоў (17,548 га).

Паводле інфармацыі Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС, з-за загарання сухой расліннасці ў вёсцы Панасюкі (Камянецкі раён) агнём знішчаны нежылы дом, два гаспадарчыя будынкі і піламатэрыялы, у вёсцы Орхава (Брэсцкі раён) і аграгарадку Олтуш (Маларыцкі раён) — пашкоджаны дах і перакрыцце будынкаў.

Для ліквідацыі лясных пажараў прыцягвалася 67 адзінак тэхнікі і 208 чалавек.

Працягваецца тушэнне тарфяных пажараў каля вёскі Новы Макрэц (Брагінскі раён Гомельскай вобласці) і вёскі Стары Мазалоў (Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці). Абодва лакалізаваныя. Паводле звестак МНС на 6 гадзін раніцы, гараць асобныя ачагі на агульнай плошчы па 0,5 га.

Удзень 9 верасня паступіла паведамленне аб выяўленні ляснога пажару на агульнай плошчы звыш 50 га ў балоцістай мясцовасці каля вёскі Старына Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Для ліквідацыі пажару задзейнічана 29 адзінак тэхнікі і 125 чалавек. Два верталёты Мі-8 і Мі-17 МНС 31 раз скінулі ваду.

У папярэднія суткі (з 6 гадзін 8 верасня да 6 гадзін 9 верасня) супрацоўнікі МНС ліквідавалі 94 пажары ў прыродных экасістэмах (16 лясных, 5 тарфяных, 73 узгаранні травы і кустоў).

Агулам з пачатку года на тэрыторыі Беларусі здарылася 4.314 пажараў (за аналагічны леташні перыяд — 4.056; рост на 6,4%), на якіх загінула 346 чалавек (311; +11,3%).

На большай частцы тэрыторыі Гомельскай і Магілёўскай абласцей захоўваецца надзвычайная пажарная небяспека.

Раней МНС абвясціла максімальны (чырвоны) узровень пажарнай небяспекі ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях — спачатку на 7-9 верасня, а затым і на 10 верасня — і папярэдзіла аб магчымасці ўзнікнення пажараў у прыродных экасістэмах.

10 верасня чырвоны ўзровень пажарнай небяспекі падоўжаны да 12 верасня і распаўсюджаны таксама на Брэсцкую вобласць.

Падзяліцца: