Мінск 19:37

У жніўні продажы аўтобусаў МАЗ на рынку РФ знізіліся ў 21 раз

13 верасня, Позірк. У жніўні 2024 года на расійскім рынку прададзена 5 новых аўтобусаў Мінскага аўтамабільнага завода — у 21,4 раза менш, чым у тым жа месяцы 2023-га (107), сведчаць даныя агенцтва “АСМ-холдынг” (РФ).

За восем месяцаў рэалізавана 327 адзінак гэтай тэхнікі (709 адз.; -53,9%).

Прадукцыя МАЗ у мінулым месяцы заняла 15-е месца ў спісе самых прадаваных брэндаў гэтага сегмента аўтарынку Расіі, канстатавалі эксперты. Доля на рынку склала 0,4 працэнта.

Лідэрамі продажаў у жніўні сталі расійскі ПАЗ (485; 15,5% у гадавым вымярэнні), кітайскі Yutong (191; -30%) і расійскі “Нефаз” (169; 49,7%).

За 2023 год беларускім прадпрыемствам рэалізавана 925 адзінак гэтага віду транспарту – на 11,1% менш, чым у 2022-м (1.040). Па выніках 2023-га, як і годам раней, МАЗ заняў 6-е месца ў адпаведным сегменце аўтарынка РФ.

“Усе чулі, у штогадовым пасланні прэзідэнт Расіі анансаваў, што да 2030 года суб’екты федэрацыі павінны атрымаць каля 40 тыс. аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў, электробусаў. Грошы на гэта выдаткаваны. Задача беларускай прамысловасці — падключыцца і забяспечыць не менш як 30 працэнтаў патрэбных аб’ёмаў”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 9 красавіка на нарадзе па развіццю прамысловасці.

Разам з тым ён адзначыў, што “айчынная прадукцыя саступае аналагам як па цане, так і па якасці”.

У сталіцы Татарстана Казані (РФ) 8 ліпеня задыміўся рэйсавы аўтобус Мінскага аўтазавода. Паводле звестак расійскага МНС, інцыдэнт адбыўся на прыпынку грамадскага транспарту “Савінава”, ля аўтобуса “перагрэліся тармазныя калодкі”.

Гэта не першы выпадак задымлення ці загарання аўтобусаў МАЗ у Расіі.

У Санкт-Пецярбургу 3 студзеня загарэўся аўтобус, які выраблены на беларускім прадпрыемстве. Паводле інфармацыі медыя “Фантанка”, ён належаў кампаніі “Дамтрансаўта”.

Паводле звестак расійскіх СМІ, у гэтым горадзе летась загарэлася не менш як 9 аўтобусаў МАЗ. Годам раней зафіксавана 8 такіх выпадкаў.

“У сувязі з наяўнасцю заўваг, якія патэнцыйна могуць прывесці да ўзгарання аўтобусаў, прынятае рашэнне аб прыпыненні эксплуатацыі на гарадской маршрутнай сетцы 137 аўтобусаў Мінскага аўтамабільнага завода (МАЗ 203047). Яны паступілі ў Пецярбург па кантрактах 2022 года”, — паведаміла 2 жніўня 2023 года прэс-служба дзяржпрадпрыемства “Пасажыраўтатранс”.

У адказ на запыт віцэ-губернатара Санкт-Пецярбурга Кірыла Палякова ў чэрвені 2022 года МАЗ паведаміў, што прычынай узгаранняў можа быць “трапленне масла з сістэмы гідрапрывада вентылятара на гарачыя часткі рухавіка”.

“Ва ўмовах санкцыйнага ціску і парушэнні лагістычных ланцужкоў пры пастаўках камплектаў гідрапрывада магла адбыцца замена правераных фланцаў на іншыя, аналагічныя па тэхнічных характарыстыках, але якія не маюць правераных рэферэнцый”, — растлумачыў чыноўнік.

Выпадкі з узгараннем аўтобусаў МАЗ фіксаваліся і ў іншых гарадах Расіі, а таксама ў Беларусі.

Наяўнасць праблемы з беларускімі аўтобусамі ўскосна прызнаў Лукашэнку, які заявіў 19 верасня 2023 года на сустрэчы з губернатарам Краснадарскага края Веніямінам Кандрацьевым, што прычына ўзгаранняў пасажырскага транспарту ў Пецярбургу крыецца ў адсутнасці “якаснага і своечасовага абслугоўвання”. Ён прапанаваў наладзіць тэхабслугоўваньне на месцы сіламі беларускіх рамонтнікаў.

Падзяліцца: