Мінск 01:25

Пракуратура “днр” накіравала ў суд справу яшчэ аднаго беларускага добраахвотніка

Фота: "Позірк"

24 верасня, Позірк. Пракуратура так званай “данецкай народнай рэспублікі” накіравала ў “вярхоўны суд” справу добраахвотніка палка імя Кастуся Каліноўскага (ПКК) грамадзяніна Беларусі Аляксандра Думбляўскаса.

На сайце “генеральнай пракуратуры” “днр” паведамляецца, што 21-гадовы беларус “завочна абвінавачваецца” паводле ч. 3 арт. 359 Крымінальнага кодэкса Расіі (удзел найміта ва ўзброеным канфлікце).

Заяўляецца, што “ў перыяд з лютага 2022 года па ліпень 2024 года ў складзе палка імя Кастуся Каліноўскага [ён] прымаў удзел у баявых дзеяннях на баку Украіны ў розных пунктах баявога судакранання ў якасці найміта” і “атрымаў узнагароду ў памеры, эквівалентным больш за 2 млн рублёў” (каля 21,5 тыс. долараў).

Думбляўскас, як сцвярджаецца, “абвешчаны ў міжнародны вышук, у дачыненні да яго судом завочна абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту”.

Аляксандр Думбляўскас у 2021 годзе быў эвакуіраваны з Беларусі пасля 11 месяцаў знаходжання ў СІЗА. Пасля пачатку вайны ва Украіне далучыўся да ПКК, узяў пазыўны “Тунгус”.

Басманны раённы суд Масквы 25 ліпеня завочна арыштаваў добраахвотнікаў ПКК Яна Дзюрбейку (пазыўны “Тромблі”) і Думбляўскаса.

17 верасня справу Дзюрбейкі пракуратура так званай “данецкай народнай рэспублікі” таксама накіравала ў “вярхоўны суд”.

Варта адзначыць, што байцы Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў (“Клешч”) трапілі ў палон пасля бою пад Лісічанскім 26 чэрвеня 2022 года. З таго часу, дзе яны і ў якім стане, невядома. Месцазнаходжанне Думбляўскаса таксама невядомае.

Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 года. 26 сакавіка таго ж года ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны, а 21 траўня было абвешчана аб яго трансфармацыі ў полк.

У Беларусі па факце стварэння ПКК распачатая крымінальная справа, ён прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”, любая дапамога ці намер яе аказання, жаданне ўступіць у полк жорстка пераследуецца ўладамі.

Падзяліцца: